Падзяка за прафесіяналізм. Падзяка Міністра працы і сацыяльнай абароны аб’яўлена дырэктару ТЦСАН г. Ляхавічы

За добрасумленную працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў Падзяка Міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь напярэдадні прафесійнага свята аб’яўлена дырэктару тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяне Равінскай.

У сістэме сацыяльнай абароны Таццяна Мікалаеўна 12 гадоў, з іх тры з паловай узначальвае ТЦСАН. Гэта ўстанова па вуліцы Юбілей- най, 19 добра вядома землякам. Сюды яны прыходзяць, калі аказваюцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі: для атрымання сацыяльна-бытавых, псіхалагічных, прававых, кансультацыйных паслуг, матэрыяльнай дапамогі, садзейнічання ў сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі.
Калектыў ТЦСАН – 118 прафесіяналаў, якія выдатна ведаюць не толькі свае працоўныя абавязкі, але і тое, што добрае слова і спагада надаюць сілы. На абслугоўванні цэнтра знаходзіцца больш за 600 жыхароў Ляхавіччыны. Некаторыя з іх наведваюць гурткі і самі з’яўляюцца аўтарамі сцэнарыяў разнастайных сустрэч, спаборніцтваў і святаў у структурным падраздзяленні ТЦСАН – дзённым аддзяленні для грамадзян пажылога ўзросту.
У аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў нашы землякі з абмежаванымі магчымасцямі прыходзяць быццам дадому – ведаюць, што іх тут заўсёды чакаюць.
Дарэчы, летась за высокія дасягненні ў працы і вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна ў намінацыі «занятасць, сацыяльная абарона насельніцтва» дырэктару ТЦСАН Таццяне Равінскай было прысвоена ганаровае званне «Чалавек года».

Наталля ПЕРАПЕЧКА.