В Ляховичском районе заботятся о зимовке лесных обитателей

З-за шчодрых снегападаў, якія ўтварылі глыбокае снежнае покрыва, некаторым дзікім жывёлам стала цяжка здабываць сабе корм. Штогод члены грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» арганізуюць зімовы падкорм лясных жыхароў. Па словах дырэктара раённай паляўнічай арганізацыі Валянціна Макрэцкага, зімой звяры галадаць не будуць. Сёлета нарыхтавана 20 тон адходаў зерня, 4,5 тоны зерня, 7 тон грубых кармоў, 10 тон сіласу, 0,8 тон солі. Для падкорму аленяў і казуль засеяна 6 га азімага рапсу.
— Мы загадзя паклапаціліся аб стане падкормачных пляцовак, саланцоў. У паляўнічых угоддзях, акрамя 12 стацыянарных, ёсць і іншыя месцы, каб дзікія жывёлы маглі падкарміцца. Рэгулярна для іх выкладаецца корм. Выдатна спраўляюцца з гэтай задачай егеры Алег Вярбіцкі і Віталій Жарскі, — адзначае Валянцін Макрэцкі. — Пад асаблівай увагай знаходзяцца дзікі, казулі еўрапейскія, алені высакародныя, зайцы, курапаткі. Дарэчы, улік паляўнічых жывёл будзе праводзіцца ў пачатку наступнага года, але ўжо сёння магу з упэўненасцю сказаць, што змяншэння колькасці насельнікаў у нашых лясах няма.
Клапоцяцца пра зімоўку лясных насельнікаў і ў лясгасе.
— Падкормачныя пляцоўкі ў лясгасе абслугоўваюць 4 егерскія абходы. Рэгулярна папаўняюцца кармушкі зернем, грубымі і сакавітымі кармамі, мінеральнымі рэчывамі, — дзеліцца асаблівасцямі зімовага догляду за ляснымі жыхарамі інжынер-паляўніцтвазнаўца ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас» Валерый Катляроў. — Кармоў, дарэчы, нарыхтавана дастаткова, хопіць аж да сярэдзіны сакавіка.
На ўліку ў паляўнічай гаспадарцы лясгаса знаходзіцца 195 дзікоў, 182 казулі, 46 ласёў. У параўнанні з мінулым годам узрасла папуляцыя казулі. Вялікая ўвага надаецца селекцыйным работам па регуляванні колькасці жывёл. Так, каб дзікі не наносілі шкоду сельскай гаспадарцы, сёлета плануецца здабыць іх 70 галоў. Рэгулюецца таксама колькасць баброў, якіх сёння налічана ўжо 250.
Адметна, што лясгас і жывёл зімой не пакідае без увагі, і грошы паспявае зарабляць. У замежных грамадзян карыстаюцца папулярнасцю паляўнічыя туры на капытных, якія гаспадарка арганізуе на тэрыторыі сваіх уладанняў. Праведзены 3 такія туры, падчас якіх зароблены 3 тысячы еўра. Даход ад Доміка паляўнічага склаў за год 35 мільёнаў рублёў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *