Госці з Германіі наведалі дом рамёстваў у Ляхавіцкім раёне

Нядаўна прыйшлося сустракаць  гасцей з Германіі. Як заўседы,  узнікла пытанне,чым іх здзівіць, куды накіравацца. Цікавых мясцін дастаткова, але хацелася  крышачку іншага, не прыгладжанага сучаснасцю. Блізкія мне людзі з Ляхавіч падалі ідэю накіравацца ў веску Мыслабаж, наведаць дом раместваў, паслухаць народныя песні ў выкананні мясцовых жыхароў.  Сабраліся ўсей сям’ей, да нас далучыліся родныя —  усяго  13 чалавек.

У доме рамёстваў нас сустрэў дырэктар  установы Андрэй Арлоўскі і чатыры мясцовыя жанчыны. Усіх  уразіла напаўненне такога невялікага памяшкання шматлікімі прадметамі даўніны. І ў кожнага з іх свая цікавая  гісторыя. Замежныя госці Пэтэр і Аніта даведаліся ад Андрэя пра  стварэнне  дома  рамёстваў, яго сенняшняе прызначэнне. Алена Базылева, майстар  па кераміцы, прэзентавала свае вырабы. Дарэчы, некалькі з іх ужо ўпрыгожваюць пакоі нашых гасцей і іх сяброў у невялікім мястэчку Мушау каля горада Лейпцыга. А затым загучала песня. Усе прысутныя, а сярод нас яшчэ было і пяцера дзяцей рознага ўзросту, проста застылі ад чароўных гукаў. А песня набірала моц, лілася, струменілася. Алена Атлыгіна і яе сяброўкі выканалі яшчэ чатыры народныя песні. Доўга не змаўкалі апладысменты, госця з Германіі падыходзіла да кожнай жанчыны, прыпадала на калена і шчыра пажымала рукі. І не было моўных  бар’ераў!

Пасля мы прыпыніліся ў доме паляўнічага Ляхавіцкага лясгаса, дзе весела патрэсквалі паленцы ў каміне , і было па-дамашняму ўтульна . На працягу вечара нашы замежныя госці яшчэ не раз успаміналі пра сустрэчу з цікавымі, таленавітымі людзьмі, якія жывуць у гэтай невялічкай вёсцы і дораць сваю сардэчную цеплыню іншым.

Вольга МАСЛОЎСКАЯ, Баранавічы.