Факт- экспрэс- навіны Ляхавіччыны

· ПАЖЫЛЫ МОЙ ЧАЛАВЕК. З 10 па 21 снежня на тэрыторыі раёна рэалізуецца комплекс першачарговых мер па стварэнні бяспекі пажылых людзей. Як паведаміў першы намеснік начальніка РАУС Аляксандр Бурбіцкі, найбольш распаўсюджаныя злачынствы ў дачыненні пенсіянераў — крадзяжы, рабаванні, прычыненні цялесных пашкоджанняў, махлярствы. Пра супрацьпраўныя дзеянні неабходна неадкладна паведамляць у аддзел міліцыі па тэлефонах 102, 2-48-37 або свайму ўчастковаму інспектару.
· АЎТАРЫ І ЧЫТАЧЫ. 6 снежня ў ГДК адбылася творчая сустрэча з вядомай беларускай пісьменніцай Наталляй Батраковай. Бібліятэкар чытальнай залы «купалаўкі» Марына Маруцік расказала, што аўтарка прадставіла свой новы раман «Міг бясконцасці», шчыра дзялілася з прыхільнікамі сваёй творчасці думкамі, пачуццямі і эмоцыямі. У зале, дарэчы, знайшлося нямала жадаючых набыць кнігі госці.
· МАРШРУТЫ ВЫХАДНОГА ДНЯ. Па інфармацыі раённага метадычнага цэнтра, у гэтыя выхадныя ГДК прымае агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці з удзелам аматарскіх калектываў устаноў культуры і цэнтра дадатковай адукацыі. Пачынаюцца агляды з 10 гадзін раніцы.
· ЗАМЯЛО І ПАХАЛАДАЛА. З-за складаных умоў надвор’я Дзяржаўтаінспекцыя ўвяла план «Надвор’е» па ўсёй тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай абласцей, у шэрагу раёнаў Гродзеншчыны і Брэстчыны. У лік апошніх трапіў і Ляхавіцкі.
Як адзначыў старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ РАУС Мікалай Дылеўскі, аддзяленне ДАІ пераведзена на ўзмоцнены варыянт нясення службы. З-за ўмоў надвор’я на дарогах раёна штодзень адбываецца па 2-3 аварыі з удзелам транспартных сродкаў, многія вадзіцелі пакідаюць месца здарэння, хаця рабіць гэтага нельга.
АДАІ рэкамендуе ўсім, хто сеў за руль, быць вельмі ўважлівымі, выбіраць скорасны рэжым зыходзячы з умоў надвор’я і стану праезнай часткі, павялічыць дыстанцыю бяспекі і няўхільна выконваць пра-вілы праезду пешаходных пераходаў. Што датычыць пешаходаў, ім таксама варта быць асабліва ўважлівымі і карыстацца флікерамі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *