Сшыткі і алоўкі – у добрыя скарбонкі. Члены БСЖ і раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» павіншавалі з навагоднімі святамі выхаванцаў ЦКРНіР і рабят з педыятрычнага аддзялення райбальніцы

Навагоднія салюты адгрымелі, але для выхаванцаў ЦКРНіР святы працягваюцца. На гэты раз у ролі Дзеда Мароза выступіла старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Вольга Бурак. У рамках акцыі «Нашы дзеці» яна ўручыла рабятам салодкія падарункі і канцтавары.

– Падобныя акцыі заўсёды знаходзяць актыўны водгук у членаў БСЖ. Прыязджаць у госці да дзетак з падарункамі стала добрай традыцыяй. Заўсёды прыемна бачыць напоўненыя шчасцем вочы дзяцей, дарыць часцінку цяпла і навагодняга цуда, – гаворыць Вольга Бурак.

Сапраўднае навагодняе свята для рабят, якія знаходзяцца на лячэнні ў педыятрычным аддзяленні райбальніцы, 9 студзеня арганізавалі члены клуба ЮНЕСКА «Заранка» і Ляхавіцкая раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру».

Члены клуба ЮНЕСКА «Заранка» падрыхтавалі цікавую праграму. Хлопчыкі і дзяўчынкі былі не проста гледачамі, а прынялі ў ёй актыўны ўдзел: танцавалі, спявалі, расказвалі вершы Дзеду Марозу. А яшчэ атрымалі салодкія падарункі ад Беларускага фонду міру.

– Кожны год прымаем удзел у розных акцыях. Сёлета вырашылі падтрымаць хлопчыкаў і дзяўчынак, якім давялося сустрэць Ражджаство ў бальнічных сценах, наша свята вельмі падняло ім настрой, – гаворыць старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» Ларыса Юшкевіч.

Беларускі фонд міру дзякуе арганізацыям, прадпрыемствам, установам раёна, якія прынялі ўдзел у зборы грашовых сродкаў для правядзення навагодніх святаў. Асаблівая ўдзячнасць кансерваваму і торфабрыкетнаму заводам, ДП «Нача», ДРБУ-200.

Ірына КУЗЬМІЧ.