На пытанні жыхароў Ляхавіцкага раёна адказала начальнік аддзела загса Людміла Палтарак.

Традыцыйна аддзел загса праводзіць «прамыя лініі» . Падчас апошняй нашы землякі закранаюць і шэраг вельмі асабістых тэм і аспектаў, і тыя, якія выклікаюць інтарэс у многіх. Вось пытанні, што сёлета гучалі найбольш часта, і адказы на іх начальніка аддзела загса Людмілы ПАЛТАРАК.

— Ці сапраўды зараз можна зарэгістраваць шлюб праз 3 дні пасля падачы заявы?
— Гэта так. У адпаведнасці з артыкулам 16 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, дата рэгістрацыі ўзгадняецца асобамі, якія ўступаюць у шлюб, з органам, што рэгіструе акты грамадзянскага стану. Пры гэтым, яна назначаецца не раней чым праз 3 дні і не пазней чым праз 3 месяцы з дня падачы заявы.
— У якія тэрміны ў загсе будзе скасоўвацца шлюб? Ці абавязкова пры гэтым прысутнічаць і мужу, і жонцы? І якую суму дзяржпошліны трэба бу-дзе заплаціць?
— З 1 студзеня 2013 года аддзелы загса будуць праводзіць скасаванні шлюбаў, але толькі ў выпадку ўзаемнай згоды мужа і жонкі, адсутнасці непаўналетніх дзяцей і спрэчак аб маёмасці.
На падставе артыкула 35прым Кодэкса аб шлюбе і сям’і, скасаванне шлюбу праводзіцца па заканчэнні аднаго месяца з дня падачы сумеснай заявы мужа і жонкі.
Пры скасаванні шлюбу бярэцца дзяржпошліна ў памеры 4 базавых велічынь (на сённяшні дзень гэта 400 тысяч рублёў).
— Падкажыце, дзе можна атрымаць паўторнае пасведчанне аб нараджэнні, калі нарадзілася я ў вёсцы Тухавічы. Мне трэба звяртацца ў сельвыканкам ці загс?
— Вельмі актуальнае пытанне. Многія грамадзяне лічаць, што, калі рэгістравалі нараджэнне дзіцяці, шлюб ці смерць блізкіх у сельвыканкаме, то і за паўторным пасведчаннем ці даведкамі неабходна звяртацца туды ж.
На самай справе, за паўторнымі дакументамі трэба звяртацца ў аддзел загса райвыканкама. Справа ў тым, што пасля рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану сельвыканкамы перадаюць дакументы ў аддзел загса, дзе яны знаходзяцца на працягу 75 гадоў, а потым перадаюцца ў Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі на пастаяннае захоўванне.
Дарэчы, атрымаць адказ на любое пытанне, што знаходзіцца ў кампетэнцыі аддзела загса, можна не толькі падчас «прамых ліній». Амаль штодзённа ў загс тэлефануюць грамадзяне: задаюць пытанні, удакладняюць, атрымліваюць кваліфікаваныя і вычарпальныя бясплатныя кансультацыі. Тэлефон аддзела загса — 2-16-58.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *