«Наш жывёлавод» працягвае ход. У Ляхавіцкім раёне працягваецца акцыя «Наш жывёлавод»

У дачыненні жывёлагадоўчай галіны сельгасвытворчасці гучыць, як правіла, куды менш хвалебных слоў, чым у адрас хлебаробаў, асабліва падчас пасяўных кампаній і жніва. Аднак, не меншай павагі, самай шырокай увагі і ўдзячнасці заслугоўваюць работнікі фермаў. За іх работу, якая на працягу ўсяго года выконваецца ў рэжыме жніва.

Але і ў гэтага «жніва» запраграмаваны пікавы момант, калі найбольш няпроста і карпатліва, адказна і напружана: зімова-стойлавы перыяд утрымання жывёлы. Іменна да яго атрымала прывязку па часе акцыя Беларускага прафсаюза работні- каў АПК «Наш жывёлавод».
– Акцыя партнёрская: акрамя актыву раённага прафсаюза работнікаў АПК, у акцыі задзейнічана «вертыкаль» у асобе ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. Праходзіць ужо чацвёрты раз і мае на мэце ў перыяд з 1 снежня па 1 сакавіка «дайсці» да кожнай фермы. Паказчыкі работы пры гэтым вызначальным фактарам не з’яўляюцца. Праводзім сустрэчы з працоўнымі калектывамі, звяртаем асаблівую ўвагу на адпаведнасць санітарна-бытавых умоў патрабаванням стандарту, выкананне нормаў і правіл аховы працы, своечасовасць выплаты заробкаў і іншае. І яшчэ: людзі павінны чуць і бачыць, што іх нялёгкая штодзённая праца не застаецца незаўважанай, заахвочваецца і матэрыяльна, і маральна, – дзеліцца старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Чура.
«Наш жывёлавод-2020» у нашым раёне дэбютаваў на начаўскай МТФ «Зубелевічы» – новай і сучаснай, пастаўленай на працоўную вахту напрыканцы мінулага года. За пару дэбютных тыдняў работы аб’ект прайшоў абкатку ў розных рэжымах. Персанал атрымаў вопыт работы з тэхнічна складаным абсталяваннем, жывёла «адамашнілася» ў новых умовах. МТФ працуе, дэманструе нядрэнную прадукцыйнасць, якасць гатовага прадукту, не прыпыняецца селекцыйная работа.
У МТФ «Тальмінавічы» ААТ «Жарабковічы» (а гэта яшчэ адзін аб’ект таго дня акцыі «Наш жывёлавод») куды больш глыбокая і розная ў вытворчым плане гісторыя. У тым ліку – навейшая, на працягу апошняга года. Змены, якія адбыліся на ферме пасля далучэння яе да «Жарабковіч», першапачаткова не кідаюцца ў вочы. Але пра гэта не без задавальнення і рэспекта ў адрас усіх, хто мае да таго дачыненне, гавораць і прафсаюз, і «вертыкаль». Яшчэ па дарозе да Тальмінавіч першы намеснік старшыні райвыканкама Анастасія Рабцэвіч прывяла паказальную статыстыку: за перыяд сваёй «навейшай гісторыі» прадукцыйнасць МТФ «Тальмінавічы» вырасла пяціразова: з чатырох у сярэднім кілаграмаў малака на карову год назад да прыкладна 20 сённяшніх.
– Малако праходзіць вышэйшым гатункам, а значыць ёсць кропкі росту, – адзначае ўпраўляючы Тальмінавіцкім вытворчым участкам Дзмітрый Дыдышка.
Аналізуючы па просьбе карэспандэнта прычыны такога скачка, і ён, і начальнік райсельгасхарчу, і загадчыца фермы Наталля Князюк адзі-ныя ў сваім меркаванні: галоўнае – людзі. Адказнасць чалавека за даручаны яму ўчастак работы, агульная і тэхналагічная дысцыпліна, разумная ініцыятыва з’яўляюцца вядомымі генератарамі поспеху. Скажаце, а што ж рацыён, умовы ўтрымання жывёлы? Гэта таксама, але прыярытэтнае звяно – чалавек-працаўнік.
«Наш жывёлавод» – гэта яшчэ і падарункі з утылітарным падтэкстам: наборы посуду, электрачайнікі і іншае падобнае. У нашым выпадку былі таксама пірагі і многа цёплых слоў у адрас жывёлаводаў.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.