Факт-экспрэс-навіны Ляхавіччыны

· КАНТРОЛЬНАЯ РАБОТА. Камітэт дзяржкантролю правёў маніторынг 19 гандлёвых аб’ектаў у Брэсце, Пінску, Брэсцкім і Лунінецкім раёнах. Асаблівая ўвага надавалася наяўнасці ў продажы агародніны і яблыкаў ураджаю 2012 года, цукру, малочнай і мясной прадукцыі, круп, тавараў навагодняга асартыменту.
Адзначана ў цэлым стабільная сітуацыя на спажывецкім рынку. Удзельная вага айчыннай прадукцыі ў рознічным тавараабароце перавысіла 80 працэнтаў. Бадай адзінай прэтэнзіяй стала выкананне не ў поўным аб’ёме заявак магазінаў спажыўкааперацыі на найбольш запатрабаваныя найменні цукерак і шакаладу.
· ЛІНІЯ ДАПАМОГІ. Як паведаміла дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіна Пішч, у ТЦСАН па тэлефоне 2-17-93 дзейнічае «гарачая лінія». На яе могуць звяртацца грамадзяне, якія знаходзяцца ў крызісным становішчы, небяспечным для здароўя і жыцця, канфліктуюць з іншымі членамі сям’і, тыя, у дачыненні каго прымяняецца псіхічнае і фізічнае насілле, у тым ліку ахвяры гандлю людзьмі.
Для атрымання псіхалагічнай і юрыдычнай дапамогі, акрамя таго, можна тэлефанаваць да псіхолага ТЦСАН (тэл. 2-03-20) і да юрыста цэнтра (6-20-98).
· РАШЭННЕ. Раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне № 955 ад 26 кастрычніка 2012 года «Аб устанаўленні броні для прыёму на работу на 2013 год».
Гэтым рашэннем 35 арганізацыям раёна ўстаноўлена броня для прыёму на работу 73 грамадзян, якія асабліва маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне і не здольны на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы, а таксама 26 бацькоў, абавязаных кампенсаваць расходы, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні.
4 снежня рашэнне было зарэгістравана ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь.
· А ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ — «КРЕПЫШ». Раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа гэтымі днямі ўручае навагоднія падарункі дзецям-інвалідам. Як расказала старшыня раённай арганізацыі Жанна Лешык, 77 рабят у дадатак да салодкіх пачастункаў атрымаюць і комплекс вітамінаў «Крепыш».
· СЕМ СКАРБАЎ. На сацыяльным партале «Усе БелАрусы» працягваецца народнае онлайн-галасаванне «Сем скарбаў Беларусі». Толькі за першы тыдзень галасавання на пытанні адказала амаль тысяча нашых суайчыннікаў. Яны выбіралі нацыянальныя скарбы ў наступных катэгорыях: імёны, падзеі, прырода, архітэктура, стравы, абрады, песні.
Віктарына працягнецца да 19.00 13 студзеня, і прыняць удзел у ёй можа любы жадаючы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *