Нам проста 80! Нашай Ляхавіччыне – 80

Герой Сацыялістычнай Працы Генрых Траццяк і кавалер ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга, Леніна, Працоўнай Славы Рыгор Касабуцкі.

Самаму роднаму, любімаму, утульнаму і найпрыгажэйшаму куточку ў свеце – нашай Ляхавіччыне – 80! Гэта восем стваральных, напоўненых тысячамі сюжэтаў дзесяцігоддзяў, дзе галоўныя дзеючыя асобы – сумленныя, працавітыя землякі.

БОЛЬШ ФОТА Ў ФОТАРЭПАРТАЖЫ

Мінулая пятніца стала для раёна святочнай. Віншаванні прымалі ўсе, хто аднойчы ўпісаў сваё імя ў яго гісторыю поспехамі, дасягненнямі, працоўнымі, творчымі і спартыўнымі здзяйсненнямі, планамі і іх рэалізацыяй, хто ўслаўляў і садзейнічаў раз-віццю рэгіёна.
Шчырыя сустрэчы, сяброўскія абдымкі і, канешне, цёплыя ўспаміны з тымі людзьмі, хто некалі крочыў побач: шчыраваў у полі, стаяў за канвеерам, кіраваў, вучыў, лячыў… І тыя, хто сёння сваёй штодзённай працай, адказнасцю і адданасцю любімай справе працягвае пісаць гісторыю Ляхавіччыны. Такая атмасфера панавала ў фае гарадскога Дома культуры, які ў гэты дзень стаў цэнтрам юбілейнай падзеі.
Выставы, што сустракалі ганаровых гасцей свята, расказвалі, чым сёння жыве раён, як ён змяніўся за гэта васьмідзесяцігоддзе. Разглядвалі, асобнае каштавалі, а многія элементы выставы ўвогуле ператварыліся ў фотазоны. Дарэчы, «веснікаўскую» фотазону аформілі творчыя супрацоўнікі купалаўкі.
Ад імя абласнога выканаўчага камітэта вітаў і віншаваў раён, яго жыхароў з юбілейнай датай намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзій Барысюк. Ён адзначыў, што зусім нядаўна 80-гадовы рубеж перасягнула Брэстчына. Гэта дата стала доб-
рай магчымасцю ацаніць усё зробленае, выказаць удзячнасць і прызнанне ўсім, хто ўнёс свой пасільны ўклад у яе станаўленне і развіццё. Безумоўна, поспехі Брэстчыны складваюцца з дасягненняў яе рэгіёнаў, і ў летапіс вобласці годную старонку ўпісалі жыхары Ляхавіцкага раёна.
Генадзій Барысюк падкрэсліў, што за поспехамі і дасягненнямі, якімі па праву можна ганарыцца, стаіць плённая праца ўсіх жыхароў раёна, вясковых працаўнікоў, працаўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў сацыяльнай сферы.


Граматай Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Ляхавіцкага раёна ўзнагароджаны першы намеснік старшыні Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта з 2005 па 2010 гады Мікалай Юрлевіч. Падзячнае пісьмо аблвыканкама адрасавана спартсмену – выхаванцу мясцовай СДЮШАР, майстру спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа па дзюдо, майстру спорту Рэспублікі Беларусь па самба, члену нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па дзюдо Уладзіславу Цярпіцкаму.


Сярод гасцей свята – ганаровы грамадзянін Брэсцкай вобласці Віктар Бурскі, Герой Сацыялістычнай Працы Генрых Траццяк.
Пра вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, задачы на будучы год і шляхі развіцця расказаў старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Аляксандр Камінскі. Шаноўным ветэранам працы – самыя шчырыя словы падзякі за шматгадовую стваральную працу, працоўным калектывам раёна – за стабільнае сёння і ўпэўненасць у будучым, усім ляхавічанам – віншаванні з агульным святам.
Кіраўнік раёна па традыцыі ўручыў пераходныя Ганаровыя сцягі райвыканкама. Гэтыя адзнакі за дасягненне найвышэйшых паказчыкаў па вытворчасці збожжа, бульбы, рапсу, а таксама па рэалізацыі малака, па рэалізацыі мяса ў 2019 годзе заслужыў СВК «Ляхавіцкі», а пераходны Ганаровы сцяг за дасягненне найвышэйшага паказчыка па вытворчасці цукровых буракоў –
у ААТ «Жарабковічы».


Узнагарод у гэты дзень было шмат, і кожная знайшла свайго героя – лепшыя з лепшых падымаліся на сцэну, атрымлівалі шчырыя апладысменты і віншаванні.

У гэты дзень усе словы пра цябе, родны край. На экране прэзентаваліся кадры з мінулага, гісторыя, дарагая кожнаму, хто знаходзіўся ў глядацкай зале. Сельская і лясная гаспадаркі, прамысловасць, адукацыя, ахова здароўя, будаўніцтва, жыллёва-камунальная гаспадарка і абслугоўваючыя арганізацыі, электрасеткі, фінансы і банкаўская справа, культура, сувязь, пошта, СМІ, сацыяльная абарона, спорт і турызм, праваахоўная сфера, сілавыя структуры і іншае – пра ўсё гэта з успамінаў, гістарычных даведак, падшывак раёнкі. Асобна пра тых, хто ў свой час узначальваў раён: Ляхавіцкая зямля выхавала не адно пакаленне таленавітых кіраўнікоў.
Клопат і ўвага тым, хто праз дзесяці-годдзі падхопіць эстафету і будзе працаваць на слаўнае сёння і заўтра Ляхавіччыны. Хлопчыкі і дзяўчынкі з дзіцячай непасрэднасцю, шчырасцю падзяліліся, кім мараць стаць у будучым.
Настрой дарылі мастацкія калектывы раёна. Іх выступленні яшчэ раз пацвердзілі, што Ляхавіцкі край багаты і на таленты, шчодры на творчых людзей.

Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

БОЛЬШ ФОТА Ў ФОТАРЭПАРТАЖЫ