Выпрабаванне золатам. «ЛВ» пачынае новую рубрыку

СШ № 2, выпуск 1989 года.

Ушанаванне выпускнікоў школ на раённым балі – прыгожая традыцыя, якая стала падзеяй агульнараённага маштабу. Асабліва хвалюючы момант урачыстай цырымоніі – віншаванне медалістаў і ўручэнне ім каштоўных узнагарод. Яны ў цэнтры ўвагі, у аб’ектыве кадраў і позіркаў, лепшыя з лепшых. Зорная роля нялёгкая, напісаная ўпартай працай, стараннасцю і настойлівасцю. У спадарожніках на школьным шляху разам з выпускнікамі заўсёды бацькі і настаўнікі. Менавіта яны дапамагалі ставіць вялікія мэты і дасягаць іх, натхнялі на працяг. У кожнай школы – свае выпускнікі, якімі ганарацца, на якіх раўняюцца сённяшнія вучні.

«ЛВ» пачынае новую рубрыку «Медальны залік» і будзе расказваць пра землякоў, што атрымалі ў свой час атэстат з адзнакай. Якія навучальныя ўстановы яны скончылі, выбралі прафесійны шлях, ці спраўдзіліся іх мары і спадзяванні, як склаўся лёс – пра гэта і іншае ў «Медальным заліку».
Хтосьці стаў выдатнікам у прафесіі, спорце і г.д., і яго заслугі таксама адзначаны медалём. Прапануем разам на старонках газеты стварыць своеасаблівую галерэю славы. Чакаем вашы прапановы і кандыдатуры!

Занатавана

У аддзеле па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама захоўваюцца кнігі выдачы атэстатаў аб агульнай сярэдняй адукацыі за апошнія 40 гадоў. Згодна ім, напрыклад, 28 выпускнікоў Ляхавіччыны 1980 года скончылі школу з залатымі медалямі. Самы шчодры ўраджай тады «сабралі» старшакласнікі СШ № 2: выдадзена шэсць атэстатаў аб сярэдняй адукацыі асобага ўзору, у СШ №1 – пяць, па чатыры – у Жараб-ковіцкай і Дараўскай школах, па два – у Востраўскай і Мядзведзіцкай, па адным – у Сваятыцкай, Ліпскай, Крывошынскай, Свяціцкай, Тухавіцкай школах.
Праз год сярод медальных лідараў была зноў СШ № 2, а яшчэ –
і Куршынавіцкая школа – у іх па пяць статусных адзнак. У СШ № 1, Жарабковіцкай, Ліпскай, Мядзведзіцкай – па дзве, па адной – у Пранчакоўскай, Тальмінавіцкай, Сваятыцкай школах. У 1982 годзе ганаровы рад узначальвалі шэсць выпускнікоў з СШ №1,
папоўнілі яго і тры з Федзюкоўскай СШ і з СШ № 2,
па адным – у Падлескай, Пранчакоўскай, Куршынавіцкай, Альхоўскай, Тухавіцкай, Крывошынскай, Начаўскай, Мядзведзіцкай.
Па выніках 1985-1986 навучальнага года школьнікам ізноў сталі прысуджаць сярэбраныя медалі. Іх у 1986 годзе ўручылі 14 юнакам і дзяўчатам, акрамя 20 медалёў вышэйшай пробы. У СШ № 2 з 45 стар-
шакласнікаў восем скон-чылі ўстанову адукацыі з золатам, два – з серабром,
у СШ № 1 з 32 – чатыры залатых і адзін сярэбраны
выпускнік. Сярод медалістаў СШ № 2 – начальнік упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці генерал-маёр юстыцыі Дзмітрый Канаплянік.
У 1988 годзе ў СШ №2 з 66 выпускнікоў восем атрымалі залатыя медалі, сем – сярэбраныя, у СШ № 1 з 47 – два золата і шэсць сярэбранай вартасці. У Альхоўскай і Федзюкоўскай – па дзве сярэбраныя адзнакі, у Тухавіцкай – дзве залатыя. У Падлескай і Ліпскай школах уручылі па адным атэстаце аб сярэдняй адукацыі з залатой адзнакай, у Дараўскай, Жарабковіцкай, Свяціцкай –
па сярэбранай.

ВЫДАТНА!

Штогод у медальным заліку гучала СШ № 2. Менавіта тут заўсёды была найбольшая колькасць вучняў. У 1989 годзе, напрыклад, тут у двух класах было 12 медалістаў. У 10 «Б» залатыя медалі атрымалі Святлана Рач-коўская (зараз Святлана Юрлевіч – намеснік старшыні райвыканкама) і Святлана Скепка, сярэбраныя – Аксана Байчык, Аксана Васільева (Аксана Гатоўчыц, намеснік дырэктара гімназіі), Наталля Вітко, Сяргей Гаўдзіс, Алена Мурзіч, Людміла Пенкіна, Вольга Супрыновіч, Таццяна Філіповіч (Таццяна Зубік, галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі), у 10 «А» Галіна Кірмель і Анжаліка Свістуновіч. З 1972 па 2019 год установу скончылі з залатым медалём 183 навучэнцы, з сярэбраным – 112.
Ванда Прусевіч, якая ўзначальвала СШ № 2 з 1988 па 2010 год, пад-
крэслівае, што школа ганарыцца кожным выпускніком. Іх нямала і, што асабліва прыемна, яны памятаюць і пра школу, і пра настаўнікаў. Каб стаць медалістам, неабходны не толькі здольнасці, а і звышпрацавітасць, уседлівасць.
Установа новага тыпу – гімназія – з’явілася на адукацыйнай прасторы раёна ў 1990 годзе. За тры дзесяцігоддзі існавання медалі тут атрымалі 125 гімназістаў. Усім ім у альмаматар прысвечаны асобны стэнд.
СШ №1 з 1949 па 2019 год выпусціла 270 медалістаў, з якіх 174 – залатыя. У Тухавіцкай школы з часу працы з 966 вы-пускнікоў – 44 медалісты, Тальмінавіцкай – 29.
У Ліпскай СШ таксама штогод была прычына для гонару. Так, напрыклад, у 1990 годзе з 20 юнакоў і дзяўчат восем адзначаны медалямі. Аляксандр Гатоўчыц, які працуе тут без малога пяць дзесяцігоддзяў і з іх 22 гады дырэктарам, выпускнікоў памятае па імёнах. Дзеліцца, што ў 1974 годзе залатымі медалістамі былі Міхаіл
Вольскі і Людміла Бурбіцкая. Ванда Груша (Адамчык), якая шмат гадоў працавала галоўным бухгалтарам лячэбна-вытворчых майстэрняў «Крывошын», 55 гадоў назад атрымала сярэбраны медаль.
У 1995 годзе ў Альхоўскай СШ з 11 выпуск-нікоў два медалісты. Абодва, дарэчы, звязалі жыццё з праваахоўнымі органамі. Залаты медаліст Альхоўскай СШ Віталій Давідоўскі – начальнік аддзялення крымінальнага вышуку РАУС, сярэбраны Дзмітрый Дрозд – працуе следчым у абласным цэнтры.
У Малагарадзішчанскай СШ з чатырох медалістаў 1996 года трое сталі медыкамі. Залаты медаліст Сяргей Станкевіч – старшы навуковы супрацоўнік нейрахірургічнага аддзялення Рэспубліканскага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі, кандыдат медыцынскіх навук, урач-нейрахірург першай квалі-фікацыйнай катэгорыі. Наталля Грынько – таксама залатая медалістка – працуе галоўнай медсястрой Баранавіцкага міжраённага наркалагічнага дыспансера, сярэбраная медалістка Святлана Смаршчок – фельчарам у Ляхавіцкай райбальніцы. Чацвёрты з гэтага выпуску ўладальнік золата Віталій Гатоўчыц займае пасаду галоўнага інжынера-энергетыка Баранавіцкай птушкафабрыкі.
І гэта толькі, так сказаць, уводны медальны агляд, у якім, канешне, не было задачы ахапіць неабдымнае. Працяг будзе ў асобах і, канешне, з вашымі дапаўненнямі, паважаныя чытачы «ЛВ».

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.