Пленум актыўных. Райкам БРСМ падвёў вынікі работы за год

Больш кадраў у фотарэпартажы

«ЛВ»  працягвае быць у цэнтры маладзёжных тэм і праблем, але пад новай рубрыкай «Маладыя сілы». 

Усё, што хвалюе, цікавіць, непакоіць, пра што хочацца расказаць і чым хочацца падзяліцца, – цяпер на тэматычнай старонцы «Маладыя сілы».
Будзем рады бачыць вашы водгукі, ідэі, прапановы, дасланыя праз любы мэсэнджар, у нашых групах сацыяльных сетак «ВКонтакте», «Одноклассники», акаўнце Instagram і нават на youtube-канале «Ляховичи и ляховичане». Галоўнае, не заставайцеся раўнадушнымі. Хто як ні моладзь глядзіць на свет  па-іншаму.

Больш за 850 маладых людзей, энергічных і таленавітых, актыўных і неабыякавых, аб’яднаны ў Ляхавіцкую раённую арганізацыю БРСМ. Пярвічкі створаны ў многіх арганізацыях і на прадпрыемствах, ва ўстановах раёна. Самая вялікая пярвічка з 305 членаў – у агракаледжы. Сярод працоўнай моладзі самыя шматлікія пярвічныя арганізацыі ў камунгасе і райбальніцы. Пра тое, чым сёння жывуць ляхавіцкія бээрэсэмаўцы, пра іх ідэі і задумкі, планы, і тое, што атрымалася рэалізаваць, падчас выніковага пленума ў сваёй справаздачы расказала першы сакратар райкама БРСМ Марыя Лутавінава.

Патрыятызм

Патрыятычнае выхаванне моладзі – адзін з асноўных накірункаў, па якім працуюць бээрэсэмаўцы. Конкурс творчых работ «За любімую Беларусь», раённае свята «Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь», падчас якога маладыя ляхавічане атрымалі галоўныя дакументы – пашпарты, акцыі «Мой падарунак ветэрану», «Беларусь памятае»… – спраў у маладых безліч.
Актыўнічалі члены БРСМ падчас выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання. У склад участковых выбарчых камісій было вылучана
11 прадстаўнікоў ГА БРСМ, 29 членаў аб’яднання сталі назіраль-нікамі.

Валанцёрства

Валанцёрскія атрады заўсёды там, дзе патрэбна дапамога і падтрымка. На слыху акцыі з іх удзелам: «Зялёны сябра», «Ветэран жыве побач», «Тыдзень лесу», «Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак». Пераднавагодні цуд для асаблівых дзяцей устроілі валанцёры падчас дабрачыннай акцыі «Новы год з добрым сэрцам», якую правялі разам з раённай арганізацыяй Чырвонага Крыжа.

Здорава-здарова!

Гэта дакладна дэвіз, з якім крочаць па жыцці члены БРСМ. Турніры па пляжным валейболе, круглыя сталы «Мы за здаровы лад жыцця», конкурсы малюнкаў і плакатаў, тэматычныя дыскатэкі – усё гэта ў раскладзе маладзёжных актывістаў.
У жніўні рабяты з ААТ «Жарабковічы» і райбальніцы прынялі ўдзел у абласным маладзёжным форуме сярод працоўнай моладзі «Прыбужжа-2019».

Прэстыжна

…працаваць у вольны ад вучобы час у студэнцкіх атрадах. Сёлета гэтым могуць пахваліцца 77 юнакоў і дзяўчат, якія былі працаўладкаваны ў дзевяці студатрадах. У 2019 годзе на тэрыторыі раёна шчыраваў сэрвісны, пяць сельскагаспадарчых, два педагагічныя, экалагічны атрады.
Традыцыйна райкам БРСМ праводзіць раённыя спаборніцтвы на жніве сярод маладзёжных уборачных экіпажаў і вадзіцеляў на адвозцы зерня.
Актыўная моладзь на Ляхавіччыне і на вёсцы. Напрыклад, сёлета сям’я Малышка з аграгарадка Востраў заняла трэцяе месца ў вобласці ў сельскагаспадарчым праекце «Уладар сяла».

Заслужана

Райкам БРСМ ганарыцца сваімі таленавітымі, энергічнымі, нераўнадушнымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якія імкнуцца не прапусціць ні адно мерапрыемства, акцыю, дабрачынны марафон ці іншую класную ідэю.
На сцэну падымаліся лепшыя з лепшых, атрымлівалі граматы за важкі ўклад у рэалізацыю маладзёжнай палітыкі на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна, дзейсны і актыўны ўдзел у жыцці райкама БРСМ.
А для 36 маладых людзей гэты дзень стаў пачаткам падарожжа, назва якому БРСМ: яны атрымалі членскія білеты.
Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.