Заняць сваё месца ў страі. Мінулая пятніца ў СШ № 2 прайшла з ваенным ухілам

На календары яшчэ студзень, але для адзінаццацікласнікаў гэта час, калі ідзе актыўная падрыхтоўка да цэнтралiзаванага тэсцiравання і выпускных іспытаў. Трэба вызначыцца са сваімі перавагамі і прафесіяй, з якой у будучым яны звяжуць жыццё.

Каб дапамагчы юнакам і дзяўчатам з выбарам навучальнай установы, арганізоўваюцца сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій, класныя гадзіны і месячнікі прафарыентацыі. Адна з такіх сустрэч прай-шла на мінулым тыдні ў  СШ № 2.

Старшакласнікі змаглі задаць пытанні, якія іх цікавяць, пра вучобу ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь старшаму выкладчыку ўстановы Сяргею Главацкіх.

Ён расказаў школь-нікам пра парадак прыёму і асаблівасці навучання ў ВНУ. Падкрэсліў, што высокія крытэрыі прад’яўляюцца да здароўя кожнага абітурыента.

Агульнавайсковы, сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання, супрацьпаветранай абароны, ваеннай разведкі, авіяцыйны, унутраных войскаў, ракетных войскаў і артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраення – факультэты Ваеннай акадэміі рыхтуюць спецыялістаў па шасці напрамках, 21 спецыяльнасці і 34 спе-цыялізацыях.

У час навучання курсанты атрымліваюць стыпендыю, двойчы на год маюць канікулярны водпуск. Старшакурснікі з трэцяга курса жывуць у добраўпарадкаваным інтэрнаце.

Выкладчыкі акадэміі высокакваліфікаваныя, для курсантаў створаны ўсе ўмовы для паспяховай вучобы: лекцыйныя аўдыторыі, класы, спецыялізаваныя кабінеты, лабараторыі, абсталяваныя навейшай тэхнікай і сродкамі аўтаматыкі.

Прыемна, што сустрэча праходзіла ў  фармаце дыялога: школьнікі задавалі пытанні і атрымлівалі на іх разгорнутыя адказы. Зацікавіла вучоба і дзяўчынак. Як адзначыў Сяргей Главацкіх, ідзе набор на некаторыя спецыяльнасці і для іх.

Дарэчы, прыемны сюрпрыз зрабіў музею баявой і працоўнай славы СШ № 2 зрабіў начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята горада Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Аляксей Сідаровіч. У доме свайго дзеда ён знайшоў танкавы шлемафон і вырашыў перадаць яго ў музей.

– Сведкаў і ўдзельнікаў ваенных падзей з кожным годам становіцца ўсё менш. Таму галоўная задача нашчадкаў – захаваць памяць пра тых людзей, якія цаной свайго жыцця падарылі нам мірнае неба. Такія рэчы – часцінка памяці, – гаворыць Аляксей Сідаровіч.

Экспанат ужо заняў месца ў экспазіцыі музея.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота з архіва СШ № 2.