«Зорныя» акцябраты

Акцябраты – цікаўныя рабяты. У піянерскіх дружынах школ раёна з 13 па 18 студзеня ладзіліся гульні, квэсты, турніры, конкурсы малюнкаў, у якіх нашы юныя землякі актыўна праяўлялі свае здольнасці і ўменні.
Завяршыўся Тыдзень акцябрат у цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дзе 15 каманд спаборнічалі ў раённай гульні-віктарыне «Я – маленькі беларус!». Заданні, аб’яднаныя ў шэсць раўндаў – «Мой край родны – Беларусь», «Подых сівых стагоддзяў», «Міфы беларусаў», «Крок у будучыню», «Мастацтва Беларусі» і «Пазнай літаратурнага героя», – па-трабавалі ад хлопчыкаў і дзяўчынак засяроджанасці і ўважлівасці, хуткасці і эрудзіраванасці.
Пераможцай інтэлек-туальнага іспыту стала каманда з гімназіі «Зо-рачкі», на другім месцы «Праменьчыкі» з СШ №1. «Бронзу» раздзялілі акцябраты з Крывошынскай школы («Зорачкі») і Малагарадзішчанскага ВПК «дзіцячы сад – сярэдняя школа» («Новае пакаленне»).
Каманды ўзнагароджаны дыпломамі аддзела па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама, пераможцы атрымалі прызы ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Акцябраты з гімназіі па-дзяліліся з «ЛВ» радасцю перамогі.

Лізавета БУСЬКО:
– Люблю адказваць на пытанні віктарын. Таму адразу згадзілася, калі мне прапанавалі паўдзельнічаць у каманднай гульні. Мы старанна да яе рыхтаваліся. Я вучыла ўсё, што мне раіла настаўніца. Вельмі рада, што атрымалася, і мы перамаглі. З нецярпеннем буду чакаць яшчэ конкурсаў.

Агата ФЯДОТАВА:
– Пытанні віктарыны аказаліся цікавымі і пазна-вальнымі. Хаця асаблівых цяжкасцяў для мяне не выклікалі. Адзінае, што не ўспаміналася, – імя ўдзельніка ад Беларусі на дзіцячым Еўрабачанні…
Прыемна, што нашы «Зорачкі» сталі пераможцамі, і камандзе ўручылі падарунак.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.