Наша купалаўка. 75 гадоў – узрост шаноўны і для бібліятэкі. І гэта не толькі яе гісторыя, гэта гісторыя г. Ляхавічы

Да 1945 года ў Ляхавічах існавала прыватная біб-ліятэка кнігалюба Барыса Грынберга. За карыстанне ёю чытачы плацілі ўзнос – два злотыя ў месяц. Чыталі тут прыкладна 80-100 чалавек, кнігі былі ў асноўным на польскай мове.
Свае дзверы для чытачоў Ляхавіцкая раённая бібліятэка адкрыла 3 студзеня 1945 года. На пасаду загадчыцы была прынята Алена Мурзіч, якую хутка змяніла Вольга Канопкіна.
Першая партыя кніг у колькасці 30 экзэмпляраў паступіла з гарадской бібліятэкі горада Горкі, нямала кніг перададзена жыхарамі горада. З кожным месяцам рос кніжны фонд. У цяжкія 50-я гады наша бібліятэка пашыралася, павялічвалася і колькасць чытачоў: калі ў 1946 годзе іх было 80, то ў 1960 годзе – 2401.
У 1947 годзе рашэннем райвыканкама бібліятэцы было прысвоена імя народнага паэта Янкі Купалы. З таго часу, акрамя «пашпартнай», афіцыйнай назвы, за бібліятэкай замацавалася нефармальнае – «наша купалаўка».
Па выніках работы за 1947 год бібліятэка адзначана Граматай Камітэта па справах культасветустаноў рэспублікі і грашовай прэміяй.
Патрэбнасці чытачоў на кнігу ўсё ўзрасталі, таму арганізоўваліся перасоўныя бібліятэкі ў населеных пунктах раёна: у 1951 годзе іх было 22. У асноўным перасоўкі размяшчаліся ў сялянскіх дамах, школах.
У 1954 годзе Міністэрства культуры БССР зацвердзіла раённую бібліятэку горада Ляхавічы базай практыкі студэнтаў бібліятэчнага тэхнікума горада Мінска. Прафесіяналізм супрацоўнікаў бібліятэкі быў ацэнены мноствам узнагарод і адзнак.
У 1977 годзе бібліятэчная сетка раёна была цэнтралізавана. Магчымасці і функцыі нашай купалаўкі змяніліся. Цэнтральная раённая бібліятэка стала кіруючым, арганізацыйна-метадычным цэнтрам для бібліятэк раёна. Дырэктарам ЦБС была назначана Марыя Пінчук.
Крыху статыстыкі: ужо ў 1980 годзе бібліятэкай карысталіся 3350 чытачоў, кніжны фонд складаў 52837 экзэмпляраў. Рыхтуючыся да 35-годдзя бібліятэкі, работнікі паставілі перад сабой задачу аднавіць яе гісторыю: арганізоўвалі сустрэчы са старажыламі горада, гутарылі са ста-рэйшымі работнікамі біб-ліятэкі, збіралі цікавыя фотаздымкі. Зараз усё гэта аформлена ў выглядзе альбома «Летапіс раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы». Свята дазволіла прыадкрыць забытыя імёны тых, хто працаваў раней.
У канцы 80-х гадоў па ініцыятыве Марыі Пінчук пачалося будаўніцтва новага будынка раённай бібліятэкі з сучасным абсталяваннем, інтэр’ерам, плошчай больш за 300 «квадратаў».
У 1982 годзе дырэктарскую эстафету прыняла Ірына Лагун.
Сёння Ляхавіцкую ЦБС узначальвае Вольга Пляшэвіч. Цэнтральная бібліятэка можа прапанаваць сваім чытачам кніжны фонд больш за 80 тысяч экзэмпляраў, каля 200 назваў газет і часопісаў, ёю карыстаюцца 3863 чытачы.
Значнасць любой бібліятэкі – у яе запатрабаванасці. Для таго, каб заставацца цікавымі і патрэбнымі, бібліятэкары не перастаюць асвойваць новыя, часам непрывычныя для сябе, але эфектыўныя формы работы.
Далучэнне насельніцтва да чытання, і ў першую чаргу – нацыянальнай літаратуры, прафілактыка шкодных звычак і прапаганда здаровага ладу жыцця, прававая інфармацыя, работа з пажылымі людзьмі і інвалідамі, маральнае і духоўнае выхаванне сям’і і асобы сталі прыярытэтнымі накірункамі работы. Пры бібліятэцы арганізаваны і дзейнічае жаночы клуб «Лада», які аб’ядноўвае творчых зямлячак.
Устаноўлена цеснае ўзаемадзеянне з грамадскімі арганізацыямі, валанцёрамі. Працуе клуб па інтарэсах «Пошук», членамі якога з’яўляюцца студэнты аграрнага каледжа.
Бібліятэкары ўносяць вялікі ўклад у вывучэнне гісторыі Ляхавіцкага краю і стварэнне краязнаўчых картак. Бібліятэка вяртае да жыцця многія невядомыя факты, падзеі, імёны з гісторыі роднага краю.

Зараз на сайце ў рубрыцы «Краязнаўства» змешчаны базы даных «Сядзібна-паркавыя ансамблі Ляхавіцкага раёна», «Ляхавіцкая фартэцыя», «Літаратурная Ляхавіччына», «Мастакі, чый лёс з’яднаны з нашым краем», «Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі Ляхавіцкага раёна». У чытальнай зале бібліятэкі аформлены краязнаўчы куток «Тут край мой, выток мой, дарога мая…», «Ляхавіччына літаратурная». Афармляюцца выстаўкі да ўсіх знамянальных і памятных дат.


Для змяшчэння на бібліятэчны сайт ужо падрыхтавана база даных «Вёскі». У планах – збор і алічбоўка матэрыялу для базы даных «Культура Ляхавіцкага раёна», «Вуліцы горада».
Наша бібліятэка гэта жывая прастора. Тут можна стаць удзельнікам любой падзеі, пагутарыць з сябрамі, паўдзельнічаць у крэатыўных мерапрыемствах і выбраць для сябе цікавую кнігу. Тут працуе і цэнтр прававой інфармацыі.
Улюбёныя ў сваю прафесію супрацоўнікі бібліятэкі заўсёды гатовы дарыць чытачам радасць зносін не толькі з кнігай, але і з цікавымі, творчымі людзьмі.

Марына НІКІЦІНА, загадчыца аддзела абслугоўвання
і інфармацыі РЦБС.