«Малышок» прызначае спатканне ў суботу. Школа ранняга развіцця ЦДАДіМ г. Ляхавічы дапамагае рабятам

Школа ранняга развіцця дапаможа хлопчыкам і дзяўчынкам навучыцца многім рэчам, а мамам і татам – заўважыць здольнасці дзіцяці

Чарговы тэлефонны званок у рэдакцыю «ЛВ» датычыў не нейкай праблемы, якая хвалюе нашых землякоў. Хутчэй наадварот: быў просьбай расказаць на старонках раёнкі пра выдатных педагогаў, якія працуюць у цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

– Унучка лічыць дні, каб нарэшце ў суботу зноў пайсці на заняткі ў любімы «Малышок». Што за цудоўныя людзі там працуюць! З такой цеплынёй і любоўю ставяцца да дзетак! І малыя гэта адчуваюць, ідуць сюды з ахвотай і добрым настроем, – падзялілася ляхавічанка Валянціна Маліхтаровіч.
Дом піянераў, цэнтр пазашкольнай работы, цяпер – ЦДАДіМ. Мянялася назва ўстановы, але сутнасць яе дзейнасці застаецца ранейшай: тут ствараюць умовы для развіцця здольнасцяў і творчасці, дапамагаюць дзецям і падлеткам знайсці агульную мову з равеснікамі, натхняюць і вучаць. Працуюць у цэнтры асаблівыя людзі, у якіх прафесіяналізм спалучаецца з індывідуальным падыходам да кожнага выхаванца, незалежна ад таго, шэсць яму гадоў ці 15.
– Кожныя хлопчык ці дзяўчынка – талент, а выявіць і развіць здольнасці дапамагаюць, у тым ліку, і нашы педагогі, – адзначае дырэктар ЦДАДіМ Людміла Юнік.
Аб’яднанню па інтарэсах «Школа ранняга развіцця «Малышок» амаль 20 гадоў, яго першыя выхаванцы ўжо самі прыводзяць сюды сваіх сыночкаў і дачушак.
Увогуле, гэту пазашкольную ўстанову можна без перабольшвання назваць сямейнай. Прыходзяць дзеці, брацікі, сястрычкі тых, хто тут у розны час вучыўся выразаць з дрэва, танцаваць, спяваць, займаўся макрамэ і лепкай, шыў сукенкі і спасцігаў тайны фатаграфавання, чараваў над ільнянымі вырабамі і маляваў. Напрыклад, Галіна Рамейка прывяла дачок Маргарыту і Варвару, Юлія Кайма – сына Арсенія, Вольга Маліхтаровіч – дачку Маргарыту, Алена Камко – дачку Эмілію, Дар’я Секач – сястрычку Юлю. Пералічваць можна доўга.
Ініцыятарам і натхняльнікам стварэння гэтага аб’яднання была колішні намеснік дырэктара пазашкольнай установы Вольга Жытковіч. І да таго, як першыя гарэзы прыйшлі сюды, педагогі правялі руплівую работу:
вывучалі запыты бацькоў сваіх будучых выхаванцаў, інтарэсы і магчымасці рабят, падбіралі кадры і віды заняткаў. Усё атрымалася. Сёння трапіць у школу ранняга развіцця мараць многія сем’і. Бо гэта і выдатная магчымасць для бацькоў: пакуль дзеці пад наглядам, ёсць час у суботні дзень заняцца сваімі справамі.
– Нашы дзеці раскрываюцца тут. Калісьці сюды на заняткі беглі мае старэйшыя сыны, цяпер вось кожную суботу па знаёмым
адрасе прыводзім і шасцігадовую Дашу. З асаблівым інтарэсам яна вучыцца бісерапляценню, – расказвае Людміла Кавальчук.
З захапленнем разважае пра школу ранняга развіцця Вольга Бецька:
– Мяне кожны раз уражваюць адносіны педагогаў да сваіх выхаванцаў – пяшчотныя, добразычлівыя, уважлівыя. Яны сапраўды ў кожным дзіцяці бачаць асобу. Сын Саша першы год ходзіць у «Малышок», але заўжды з радасцю і жаданнем. Падабаецца ўсё: маляваць, ляпіць, займацца аэробікай, вучыць англійскую мову.
Толькі станоўчыя водгукі ў яшчэ адной мамы Веранікі Савіцкай:
– Вельмі, вельмі задаволены і я, і чатырохгадовая Катажына. У асаблівым захапленні яна ад аэробікі, нават дома паўтарае ўсе рухі. Дзецям у «Малышку» весела. Цудоўна, што ў Ляхавічах ёсць такое месца для дзяцей. За дзве з паловай гадзіны, пакуль Катажына займаецца, паспяваю справіцца з многімі дамашнімі справамі.
Кожная субота для 38 нашых
маленькіх пяці-шасцігадовых землякоў – насычаная, багатая на цікавыя падзеі, незабыўныя ўражанні, чаканне нечага новага, непаў-торнага.
Першыя крокі ў свет англійскай мовы рабятам дапамагае рабіць вопытны педагог Таццяна Морская. Танцуюць, скачуць, з маленства вучацца клапаціцца пра здароўе маленькія выхаванцы на занятках аэробікай, якія праводзіць Таццяна Герус. Паспрабаваць сябе ў ролі артыста, агучыць казачнага персанажа, стаць галоўнай дзеючай асобай развіваючай гульні – усяму гэтаму вучыць маленькіх гарэз Людміла Юнік. Літаральна на вачах пластылін ператвараецца ў што заўгодна, а абыходзіцца з гэтым матэрыялам малечу вучыць Святлана Дубіна. А яшчэ дашкаляты з задавальненнем удзельнічаюць у разнастайных святах, гульнях, віктарынах. Напрыклад, напрыканцы снежня выхаванцы «Малышка» адправіліся ў святочна-казачную вандроўку «Сакрэт цудаў на Новы год», дзе ў галоўных ролях былі іх артыстычныя педагогі, якія самі прыдумалі сцэнарый, пашылі шыкоўныя касцюмы. Колькі добрых эмоцый было не толькі ў хлопчыкаў і дзяўчынак, але і іх бацькоў.
Так што, калі жадаеце, каб вашы дзеці гарманічна развіваліся, ім было цікава і весела, запішыце сюды на заняткі – не пашкадуеце. Праверана на ўласным вопыце многіх ляхавічан.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

У 134 аб’яднаннях па інтарэсах ЦДАДіМ – дэкаратыўна-прыкладной, тэхнічнай творчасці, краязнаўчай, біёлага-экалагічнай, спартыўна-масавай накіраванасці і іншых – займаюцца больш за 1700 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў.