Неспакойны пакой. Карэспандэнт «ЛВ» правёў некалькі гадзін з персаналам прыёмнага пакоя Ляхавіцкай ЦРБ

Калі горад засынае, многія службы не спыняюць сваю работу, проста пераходзяць у рэжым начнога дзяжурства. Адна з такіх – прыёмны пакой райбальніцы.

Карэспандэнт «ЛВ» правёў некалькі гадзін у прыёмным пакоі і нават за гэты час паспеў пераканацца, што такая праца не для слабых.

– Любога пацыента, які звярнуўся самастойна або паступіў па хуткай дапамозе, мы павінны агледзець. Пры неабходнасці выклікаем урача. Ён ставіць дыягназ, вызначае, ці трэба чалавека шпіталізаваць. Акрамя таго, ёсць планавыя пацыенты, якія пабылі на прыёме ў спецыяліста і атрымалі накіраванне на лячэнне. У гэтым выпадку трэба аформіць дакументы на шпіталізацыю, сабраць на захоўванне верхняе адзенне, правесці чалавека ў палату, – уводзіць у курс справы старшая медсястра прыёмнага пакоя Ляхавіцкай ЦРБ Ганна Папко.

За 24 гады працы Ганна Антонаўна бачыла многае. Былі і п’яныя дэбашыры з нажавымі раненнямі, і маладыя матулі з дзецьмі, якія праглынулі батарэйку, і ахвяры ДТЗ з цяжкімі пашкоджаннямі.
– Галоўнае ў нашай справе – увага да пацыентаў, незалежна ад іх статуса, узросту, прычыны звароту, – кажа старшая медсястра.

Старшая медсястра прыёмнага пакоя Ганна Папко (справа),
медсястра Таццяна Літвіновіч, санітарка Ірына Піліпчык.

Прыёмны пакой працуе кругласутачна. З 18 вечара да 8 гадзін раніцы на дзяжурства заступае ўрач агульнай практыкі. Акрамя гэтага, дзяжурства ў сваіх аддзяленнях нясуць вузкаспецыялізаваныя ўрачы (хірург і анестэзіёлаг-рэаніматолаг), якіх пры неабходнасці могуць выклікаць да хворага.

Людзі часта вельмі легкадумна ставяцца да свайго здароўя. Баліць у чалавека, напрыклад, зуб. Доўга баліць. Але да медыкаў ён звяртаецца толькі тады, калі цярпець больш не можа. У тры гадзіны ночы …

За некалькі хвілін распазнаць інсульт, апрацаваць рану, аказаць першую дапамогу пры бытавой траўме і пацярпеламу ў ДТЗ … Гэтыя і многія іншыя выпадкі – тое, з чым штодня сутыкаецца персанал прыёмнага пакоя. Дзень за днём, без выхадных і святаў тут гатовы дапамагчы кожнаму, каму патрэбна меддапамога.

Наогул, менавіта ноччу ў прыёмным аддзяленні бывае больш за ўсё працы. Людзі звяртаюцца з самымі рознымі медыцынскімі праблемамі, і кожнаму неабходна аператыўна дапамагчы. Таму ўрача практычна любой спецыяльнасці з дому могуць выклікаць нават сярод ночы.

Самы «гарачы» сезон для прыёмнага пакоя – навагоднія святы і летні перыяд. У гэты час паток пацыентаў павялічваецца.

Узімку нярэдка звяртаюцца з харчовымі і алкагольнымі атручваннямі, траўмамі з-за неакуратнага абыходжання з піратэхнікай, пераломамі і ўдарамі. Улетку шмат людзей звяртаецца пасля розных укусаў: кляшчоў, змей, сабак, катоў і нават янотаў.

Пакуль мы гутарым з Ганнай Антонаўнай, раздаецца тэлефонны званок. У ДТЗ пацярпела жанчына, яе тэрмінова вязуць у бальніцу.

У асабліва цяжкіх выпадках, калі лік у барацьбе за чалавечае жыццё ідзе на хвіліны, хуткая папярэджвае калег загадзя, каб да прыёму пацярпелага ўсё было гатова.

Тэрмінова выклікаецца з аддзялення хірург, рыхтуюцца абсталяванне і каталка. Агляд доктара цяжкіх траўмаў не выявіў, але жанчыну ўсё роўна адпраўляюць на рэнтген і далейшую шпіталізацыю, каб выключыць верагоднасць унутраных пашкоджанняў.

На гэты раз абышлося, але, па словах медсястры, так бывае не заўсёды. Напрыклад, нядаўна звярнуўся па дапамогу пажылы мужчына. Скарга – «сэрца сваволіць». Калі знялі ўсе паказчыкі, аказалася, што ён на нагах перанёс інфаркт…

Работнікам прыёмнага пакоя часта даводзіцца супрацоўнічаць з праваахоўнымі органамі. Бывае, прывозяць людзей у непрытомным стане або чалавек не можа ўспомніць, хто ён. Тады звяртаюцца па дапамогу ў міліцыю.

Нягледзячы на напружанасць, адзначае Ганна Папко, праца ў прыёмным аддзяленні цікавая.

Усяго за некалькі гадзін, праведзеных тут, разумееш, што ў прафесіі медыка няма кіношнай рамантыкі. Прыёмны пакой – гэта месца, дзе пачынаецца лячэнне.

Тут працуюць сапраўдныя прафесіяналы – людзі, якія ўмеюць хутка прымаць рашэнні, якія валодаюць велізарным запасам цярпення, для якіх выратаванне чалавечага жыцця – што-дзённая работа.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота аўтара