Бяспека ў кожны… гараж. Супрацоўнікі РАНС правялі рэйды па гаражных масівах горада

17 студзеня ў адным з гаражных кааператываў Брэста прагрымеў выбух. Пацярпелі тры чалавекі, каля 200 квадратных метраў гаражоў ляжалі ў руінах, пад заваламі на невялікай плошчы пачаўся пажар. Прычына выбуху высвятляецца. Пра гэта здарэнне нагадаў старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі на чарговай апаратнай нарадзе.

Каб праверыць выкананне правілаў пажарнай бяспекі, супрацоўнікі РАНС правялі рэйды па гаражных масівах горада.

Першы адрас, куды разам са старшым інспектарам нагляду і прафілактыкі райаддзела па надзвы-чайных сітуацыях Сяргеем Рабцэвічам адправіўся і карэспандэнт «ЛВ», – гаражы па вуліцы Юбілейнай.

Не шматлюдна, але ў адным з гаражоў прыадчынены дзверы. Тут мужчыны займаюцца рамонтам аўтамабіля. Печка ў гаражы заводская, гэта вялікі плюс, бо самаробныя печы часта не адпавядаюць патрабаванням пажарнай бяспекі і могуць стаць прычынай пажару.

Адзіная заўвага ў Сяргея Рабцэвіча – замяніць пластыкавую тару для масла і фарбы на металічную, а пры правядзенні работ машыну выганяць на вуліцу. На развітанне – памятка ад МНС, дзе падрабязна распісаны ўсе правілы.

Наступны гараж гаспадар выкарыстоўвае для захоўвання аўтазап-частак. У кутку – самаробная буржуйка. Мужчына апраўдваецца, што яе не выкарыстоўвае.

– Тады лепш утылізаваць, – раіць Сяргей Рабцэвіч.

Пра тое, што ў гаражы на вуліцы 60 гадоў Кастрычніка кіпіць праца, красамоўна кажа шчыльны слуп дыму з трубы. Стукаем. І сапраўды: у гаражы мужчына рыхтуе машыну да афарбоўкі. У кутку – імправізаваная печка з труб і жалезнай бочкі.

Гаспадар атрымлівае папярэджанне ад супрацоўніка РАНС. Фарбаваць аўтамабілі можна толькі ў спецыяльна абсталяваным памяшканні з улікам усіх правілаў бяспекі, але ніяк не ў гаражы.

Такую ж праблему – самаробную печ – выяўляем і ў гаспадара гаража па завулку Пушкіна. А яшчэ мужчына курыць у памяшканні, а гэта таксама сур’ёзная небяспека.

– Калі недакурак трапіць на прамасленае рыззё або каністру, можа адбыцца ўзгаранне. А з улікам таго, што гаражы размешчаны блізка адзін да аднаго, можа пацярпець не толькі свая маёмасць, але і суседа, – гаворыць Сяргей Рабцэвіч.

Заўвагі атрымалі і ўладальнікі гаражоў па вуліцы Першамайскай.
На гэтым прафілактычная работа РАНС у гаражных масівах не скончылася. Рэйды будуць праводзіцца і далей.

Ірына КУЗЬМІЧ.