Статак …з мінусам

Пытанні захаванасці жывёлы ў сельгасарганізацыях знаходзяцца ў пастаянным полі зроку Камітэта дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці.
На неабходнасць скарачэння непрадукцыйнага выбыцця маладняку, узмацнення персанальнай адказнасці службовых асоб за яго звышнарматыўнае непрадукцыйнае выбыццё ў сельскагаспадарчых арганізацыях неаднаразова ўказваў Кіраўнік дзяржавы падчас рабочых паездак у рэгіёны.
Аднак, праведзеныя Камітэтам кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы паказалі, што за апошнія гады ў сельгасарганізацыях Брэстчыны працягваецца рост падзяжу буйной рагатай жывёлы. Так, у 2017 годзе падзеж БРЖ склаў 15 тысяч галоў або 106,2 працэнта да ўзроўню 2016 года (14,2 тысячы галоў), у 2018 годзе – 15,9 тысячы галоў (105,9 працэнта да ўзроўню 2017 года).
Нягледзячы на тое, што падзеж БРЖ у 2019 годзе ў параўнанні з мінулым годам нязначна скараціўся і склаў 15,6 тысячы галоў, у шэрагу сельгасарганізацый захавалася тэндэнцыя росту падзяжу. Напрыклад, у ААТ «Азяты Агра» Жабінкаўскага раёна ў 2019 годзе ён павялічыўся ў 19,2 раза, ААТ «АграТурна» Камянецкага раёна – у 7,1 раза, ААТ «Жураўлінае» Пружанскага раёна – у 2 разы.
Як паказваюць кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы, у значнай ступені рост падзяжу БРЖ абумоўлены непрыняццем з боку кіраўніцтва і спецыялістаў многіх арганізацый АПК вобласці, раённых ветэрынарных службаў своечасовых мер па паляпшэнні ўзнаўлення статка, рацыянальным выкарыстанні і захоўванні кармоў, своечасовым выкананні ў поўным аб’ёме прафілактычных ветэрынарна-санітарных мерапрыемстваў, умацаванні працоўнай дысцыпліны.
Падзеж і непрадукцыйнае выбыццё жывёл прыводзяць да недахопу маладняку для яго далейшага вырошчвання і да зніжэння вытворчасці ялавічыны, што адбіваецца і на фінансавым дабрабыце гаспадарак.
Сістэмны характар носяць факты ўтойвання службовымі асобамі сельскагаспадарчых арганізацый падзяжу буйной рагатай жывёлы.
Названыя дзеянні звязаны з унясеннем непраўдзівых звестак у афіцыйныя дакументы пра вымушаную прырэзку і рэалізацыю забітай жывёлы фізічным асобам, што, нібыта, мела месца.
Названыя парушэнні Камітэтам устаноўлены ў шэрагу гаспадарак вобласці. Па фактах утойвання падзяжу ў 2019 годзе ў дачыненні да службовых асоб узбуджана 6 крымінальных спраў.

КДК Брэсцкай вобласці.