Адукацыйныя інвестыцыі. Сродкі, укладзеныя ў адукацыю, – канкрэтныя крокі да паспяховай будучыні

Ёсць пытанні, якія не здымаюцца з парадку дня і пастаянна ў цэнтры ўвагі ўлады. На апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама 27 студзеня разглядалі выкананне ў раёне комплексу мерапрыемстваў па рэалізацыі дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка». Яе мэтамі з’яўляюцца павышэнне якасці і даступнасці адукацыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі эканомікі, інфармацыйнага грамадства, адукацыйнымі запытамі грамадзян, а таксама развіццё патэнцыяла моладзі і ўцягненне яе ў грамадска значную дзейнасць.

Адказны за выкананне праграмы ў раёне – аддзел па адукацыі райвыканкама. Яго начальнік Святлана Якубоўская адзначыла, што гэты дакумент дзяржаўнай важнасці складаецца з падпраграм, вынік рэалізацыі якіх адлюстроўваецца лічбавымі і якаснымі паказчыкамі. Так, у раздзеле «Развіццё сістэмы дашкольнай адукацыі» сярод іншых важны ахоп дзяцей ад трох да шасці гадоў установамі дашкольнай адукацыі. У нашым раёне ён складае 98 працэнтаў. Двух працэнтаў да 100 не хапае не па прычыне адсутнасці месцаў у садках, а з-за таго, што на тэрыторыі раёна, па даных галоўнага статыстычнага ўпраўлення вобласці , зарэгістравана 853 дзіцяці згаданага ўзросту, а пражывае 761.
У падпраграме «Развіццё сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі» фактычныя паказчыкі адпавядаюць планавым. Сярод іх выдзяляюць долю настаўнікаў, якія маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю – 83 працэнты. Важнае значэнне мае і напаўняльнасць класаў. У гарадскіх школах яна складае 22 чалавекі. Выконваюцца і іншыя праграмныя лічбы. У поўным аб’ёме засвоены грашовыя сродкі, выдаткаваныя на функцыянаванне ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Больш за 10 мільёнаў рублёў былі накіраваны на ўтрыманне школ раёна. Акрамя іншага, набыта камп’ютарнае абсталяванне, спартыўны і кухонны інвентар, закуплены аўтамабіль для падвозу дзяцей-інвалідаў. Па праграме Сусветнага банка ў гімназіі зроблены капітальны рамонт харчаблока, добраўпарадкавана тэрыторыя гімназіі.
Сярод пунктаў падпраграмы «Развіццё спецыяльнай адукацыі» важным з’яўляецца і ахоп дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ранняй комплекснай дапамогай. Ён на Ляхавіччыне трымаецца на ўзроўні 100 працэнтаў. Прычым 94, 5 працэнта такіх навучэнцаў атрымліваюць адукацыю ва ўмовах інтэграванага навучання.
Начальнік аддзела па адукацыі акцэнтавала ўвагу на колькасці дзяўчат і юнакоў, якія займаюцца валанцёрствам, удзельнічаюць у маладзёжным самакіраванні, акцыях, студруху і г.д. Гэта ўсё прадугледжана падпраграмай «Маладзёжная палітыка».
Такім чынам, з задачамі, якія аддзел па адукацыі райвыканкама ставіў на 2019 год па выкананні комплексу мерапрыемстваў па рэалізацыі дзяржаўнай праграмы, справіліся ў поўным аб’ёме.
Кіраўнік раёна Аляксандр Камінскі рэзюмаваў: сродкі, якія дзяржава ўкладвае ў адукацыю і выхаванне падрастаючага пакалення – інвестыцыі ў будучыню. Старшыню райвыканкама цікавіла аснашчанасць устаноў адукацыі сучаснымі сродкамі навучання, неабходнасць матэрыяльна-тэхнічнага развіцця дзіцячых садоў, іншае. Дарэчы, на жыццядзейнасць дашкольных устаноў адукацыі раёна ў мінулым годзе было выдзелена амаль тры з паловай мільёны рублёў – усе расходаваны мэтава.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Заняткі ў  дзіцячым садзе №2 г. Ляхавічы