Дзюдо плюс самба. Ляхавічане вызначыліся ў першынстве Рэспублікі Беларусь па дзюдо

У першынстве Рэспублікі Беларусь па дзюдо, што праходзіла ў Магілёве сярод юніёрак і юніёраў, у складзе каманды Брэстчыны выступалі і спартсмены з Ляхавіччыны.
Такога гонару выхаванцы СДЮШАР Ульяна Шчарбакова, Кацярына Ракуць і Ягор Сірыська ўдастоены па выніках выступлення на абласным першынстве сярод кадэтаў 2003-2004 гадоў нараджэння.
Дарэчы, наша Ульяна – адзіная з Брэсцкай вобласці, хто вярнуўся з узнагародай, – «бронзай» у вагавай катэгорыі да 48 кілаграмаў. Кацярына Ракуць стала сёмай у сваёй вагавай катэгорыі. Трэнер Віктар Богуш задаволены выступленнем дзюдаістак. Улічваючы, што ў спаборніцтвах прымалі ўдзел спартсменкі да 21 года, вынік дзяўчаты паказалі дастойны.
Як і 24 студзеня на першынстве вобласці па самба сярод юніёраў і юніёрак 2001-2004 гадоў нараджэння, якое прымалі Баранавічы.
Ульяна Шчарбакова заваявала першае месца, «серабро» ў Аляксандры Байрашэўскай (вагавая катэгорыя 48 кілаграмаў). Максім Маруцік (81 кілаграм) стаў першым, другім – Раман Бацкалевіч (60 кілаграмаў). Перамога запаліла нашым самбістам зялёнае святло для ўдзелу ў першынстве Рэспублікі Беларусь, дзе яны будуць абараняць гонар не толькі Ляхавіччыны і СДЮШАР, але і Брэстчыны.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.