Зімовыя прысмакі для рагатых. Як падрыхтаваліся да падкормкі жывёл у раённай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў

Зіма ў гэтым годзе не адрозніваецца суровасцю. Ды і снег бачылі толькі некалькі разоў, а зляпіць снегавіка так нікому і не ўдалося.

Такое надвор’е «на руку» лясным насельнікам. Гэтай зімой ласункаў для іх дастаткова, корм яны могуць знайсці на палях і ў лесе.

Але, як паведамілі ў раённай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, да зімовай падкормкі тут усё ж падрыхтаваліся. Па словах выконваючага абавязкі дырэктара РАС БТПР Уладзіміра Гатоўчыца, летась было назапашана дзве тоны сіласу, якім падкормліваюць аленяў, дзве тоны сена для казуль, 500 кілаграмаў буракоў, якімі таксама любяць паласавацца рагатыя.

Яшчэ адна задача, якая стаіць перад БТПР, – правесці ўлік лясной жыўнасці. Звычайна гэта робіцца маршрутным метадам уліку (па слядах), але зямля павінна быць пакрыта снегам.

Як адзначыў Уладзімір Гатоўчыц, мяркуючы па папярэдніх прагнозах сіноп-тыкаў, на снежныя ападкі спадзявацца не варта, таму падлічваць колькасць дзікіх жывёл, хутчэй за ўсё, будуць у лютым метадам апытання егераў, паляўнічых і леснікоў або метадам прагону жывёл.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота БЕЛТА.