Онлайн операция. У жительницы Ляховичского района с карт-счёта «списаны» деньги

Падчас перапіскі ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» неўстаноўленая асоба шляхам падману атрымала рэквізіты банкаўскай карткі жыхаркі Ляхавіцкага раёна. У выніку ў вяскоўскі з карт-рахунку «спісаны» 687 рублёў. РАСК узбудзіў крымінальную справу па ч. 1 арт. 212 (крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі).
Яшчэ адна крымінальная справа ўзбуджана па факце несанкцыянаванага доступу неўстаноўленай асобай да акаўнта нашай зямлячкі. У пацярпелай рахунак «палягчэў» на 425 рублёў.
Каб не стаць ахвярай махляроў, РАСК рэкамендуе выконваць простыя правілы: не паведамляйце PIN-код або часовы код, які прыйшоў у выглядзе sms-паведамлення, трэцім асобам, у тым ліку знаёмым, супрацоўнікам банка, касірам і асобам, якія аказваюць вам дапамогу ў выкарыстанні банкаўскай карты. PIN-код неабходна запомніць, а ў выпадку, калі зрабіць гэта цяжка, захоўваць асобна ад банкаўскай карты ў недаступным для чужых людзей месцы. Пры выкарыстанні электроннай пошты павінны насцярожыць любыя патрабаванні і просьбы паведаміць пароль або іншыя персанальныя даныя, якія паступілі нават ад знаёмай асобы або нібыта ад прадстаўніка службы бяспекі. Да гэтага адносяцца і любыя лісты з патрабаваннямі ўвесці або адправіць свой пароль ад анлайн-банка або рэквiзiты банкаўскай плацёжнай карты. Гэтымі звесткамі павінен валодаць толькі гаспадар «пластыку».
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ,
намеснік начальніка РАСК.