У добрую дарогу!

У мінулым годзе на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна зарэгістравана 13 ДТЗ, выяўлены 4000 парушэнняў правілаў дарожнага руху, у тым ліку 61 вадзіцель, які кіраваў аўтамабілем у нецвярозым стане. Яшчэ 486 аўтамабілістаў перавысілі дазволеную скорасць руху. У поле зроку супрацоўнікаў АДАІ трапілі 783 пешаходы і веласіпедысты – парушальнікі ПДР.
31 студзеня супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі прапанавалі ўдзельнікам дарожнага руху адправіцца ў новы год па «Добрай дарозе» – так называлася тэма адзінага дня бяспекі.
У гэты прафілактычны дзень міліцыянеры ў працоўных калектывах нагадалі пра важнасць выканання правілаў дарожнага руху. Гаварылі пра абавязкі і правы пешаходаў і веласіпедыстаў, адміністрацыйную адказнасць за кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане, у тым ліку датычыцца гэта і веласіпедыстаў.
З 32 выяўленых сёлета парушэнняў ПДР – пяць фактаў п’янага ваджэння. Пад градусам на праезнай частцы былі тры пешаходы і веласіпедыст, расказаў «ЛВ» старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Аляксандр Анікевіч.
У цёмны час сутак, як веласіпедысту, так і пешаходу жыццёва неабходна яркая спецамуніцыя. Са святлоадбівальнымі элементамі павінны сябраваць не толькі дарослыя, але і дзеці. Бацькам трэба што-дзень нагадваць непаўналетнім пра небяспеку гульні на праезнай частцы, уважлівасць пры пераходзе дарогі.
Дарога памылак не даруе, а каб яна была добрай, трэба няўхільна выконваць правілы дарожнага руху.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.