Грып заціхарыўся? «ЛВ» высвятляў, як арганізавана работа ў Ляхавіцкім раёне

Літаральна ўвесь свет сочыць за паведамленнямі пра распаўсюджванне новага віду грыпу – каранавіруса. Многія краіны свету, у тым ліку і Беларусь, прымаюць меры, каб не дапусціць каварную інфекцыю на сваю тэрыторыю.
Актуальнае пытанне – узровень падрыхтоўкі ўстаноў аховы здароўя, аптэчнай сеткі да традыцыйнага сезоннага ўсплеску вострых рэспіраторных вірусных інфекцый і грыпу. «ЛВ» высвятляў, як арганізавана работа ў Ляхавіцкім раёне.

Галоўны ўрач ЦРБ Георгій Хлябовіч расказаў, што райбальніца аснашчана ўсім неабходным абсталяваннем і матэрыяламі для дыягностыкі і лячэння вострых рэспіраторных інфекцый, пнеўманіі. У дастатковай колькасці і плёнка для рэнтгенздымкаў.
Работа паліклінікі, амбулаторый урача агульнай практыкі, фельчарска-акушэрскіх пунктаў арганізавана такім чынам, каб своечасова аказаць неадкладную медыцынскую дапамогу. Дзяжурны ўрач агульнай практыкі, педыятр праводзяць прыём і па суботах. Да ўрача можна трапіць і па анлайн-запісе праз інтэрнэт, а таксама выклікаць на дом, а ў экстранных выпадках – звярнуцца на хуткую дапамогу.
Медыкі заклікаюць ні ў якім разе не займацца самалячэннем, не прымаць антыбіётыкі па парадзе знаёмых, а пры першых прыкметах хваробы звяртацца да ўрача, бо нават самы звычайны насмарк можа ператварыцца ў куды больш небяспечнае захворванне.
Загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі № 56 Лідзія Каласоўская запэўніла: землякі могуць не хвалявацца, няма неабходнасці скупляць лякарствы супраць грыпу і прастуды. Яна адзначыла, што супрацьвірусныя прэпараты, лекі ад кашлю, гарачкапаніжальныя сродкі як айчыннай, так і замежнай вытворчасці можна без праблем купіць у любой аптэцы. Дарэчы, рэжым іх работы па максімуму зручны для людзей.
Спрыяльнай назваў сітуацыю з захворваннем на ВРВІ і грып урач-эпідэміёлаг райЦГіЭ Васілій Скараход: ні ў школах, ні ў дзіцячых садках няма перавышэння парогавага ўзроўню захворвання. Па меркаванні эпідэміёлага, сваю справу зрабілі не толькі надвор’е, але ў большай ступені – прышчэпкі. Вакцыну супраць грыпу ў мінулым годзе атрымала 40 працэнтаў насельніцтва раёна.
Сёлета медыкі прагназуюць пік захворвання грыпам і ВРВІ на канец лютага- пачатак сакавіка.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.