Шчэпка на вагу золата. У Ляхавічах сёлета з’явіцца новая кацельня на мясцовых відах паліва

У Брэсцкай вобласці сёлета плануюць пачаць будаўніцтва 12 кацельняў, якія будуць працаваць на мясцовых відах паліва. Сярод адрасоў новабудоўляў значацца і Ляхавічы. Сродкі для будаўніцтва кацельняў у нашым горадзе і яшчэ дзевяці населеных пунктах Брэстчыны – пазыка Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця.

Як расказаў «ЛВ» галоўны інжынер КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Паўлоўскі, новая кацельня будзе пабудавана на вуліцы Чкалава і размесціцца ля дзеючай газавай кацельні. Працаваць яна будзе на шчэпках і драўняных адходах, нарыхтаваных на шчэпкадрабільным комплексе. Знаходзіўся ён на вытворчай базе недалёка ад чыгуначнай станцыі.

– Гэту вытворчасць аднеслі далей ад жылых дамоў, каб не турбаваць гараджан, – тлумачыць Андрэй Паўлоўскі.

Магутнасць новага комплексу –10 мегават. У кацельні будуць устаноўлены тры катлы: два больш магутных плануецца выкарыстоўваць у зімовы сезон, а з меншай магутнасцю – для падагрэву вады летам.

Зараз за кошт бюджэтных сродкаў робіцца праект (на гэта пай-шло 62,5 тысячы рублёў), а на будаўніцтва і абсталяванне пойдуць сродкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця.

Праектныя работы на стадыі завяршэння, адзначыў Андрэй Паўлоўскі. У пачатку лютага дакументы плануюць перадаць для санітарна-гігіенічнай і галоўдзяржбудэкспертызы. Пасля – вызначацца з падрадчыкам.

Увесці ў эксплуатацыю новую кацельню плануюць у 2021 го-дзе. Яна будзе падаваць цяпло і гарачую ваду для большай часткі горада. Старая газавая кацельня застанецца ў рэзерве.
Як паведамілі ў камунгасе, у планах пабудаваць такую ж кацельню і ў аграгарадку Жарабковічы.

Як і папярэднія гады, да гэтага ацяпляльнага сезона жыллёва-камунальная гаспадарка падышла поўнасцю падрыхтаванай. Яшчэ ў верасні пацяплела ва ўстановах аховы здароўя, дзіцячых садах і школах. Крыху пазней далі цяпло і ў жылы фонд.

Да ацяпляльнага сезона дзве кацельні былі пераведзены ў аўтаматычны рэжым. Тэхнічна мадэрнізавалі кацельню ў вёсцы Задвор’е. Цяпер яна можа працаваць без пастаяннай прысутнасці персаналу.

Другая кацельня знаходзіцца ў аграгарадку Навасёлкі. У ёй заменена абсталяванне. Цяпер яна працуе на поўную магутнасць.

Усе даныя па рабоце гэтых кацельняў у рэжыме рэальнага часу адлюстроўваюцца ў дыспетчарскім пункце на вытворчай базе, і спецыялісты могуць аператыўна зрэагаваць на ня-штатныя сітуацыі.

Ірына КУЗЬМІЧ.