На новы ўзровень. Намеснік старшыні Савета Рэспублікі Анатолій Ісачанка сустрэўся з маладзёжным актывам Брэсцкай і Гродзенскай абласцей

Вырашаюць ініцыятыўнасць, актыўнасць і зацікаўленасць. Гэта дакладна пра членаў Маладзёжнага парламента, які штодзень сваімі справамі даказвае: у моладзі вялікі патэнцыял ідэй, планаў, прапаноў, каб зрабіць жыццё лепшым.

Менавіта на гэтым акцэнтаваў увагу намеснік старшыні Савета Рэспублікі Анатолій Ісачанка падчас сустрэчы з маладзёжным актывам Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Кожны законапраект тым ці іншым чынам датычыцца маладога пакалення – сёння, заўтра, калі паўстане пытанне, напрыклад, працаўладкавання, атрымання сямейнага капіталу і г. д. Таму важна ведаць і ўліч-ваць бачанне сітуацыі менавіта маладых людзей, якім жыць у нашай краіне, ствараць яе сёння і будаваць заўтрашні дзень.
Актыўных маладых парламентарыяў, якія з’ехаліся ў сталічны будынак Савета Рэспублікі, чакала сустрэча ў фармаце адкрытага дыялога. Кожная з дэлегацый прыехала са сваімі пытаннямі і прапановамі. І гэта выдатна. Бо Маладзёжны пар-ламент, тым больш на ўзроўні рэспублікі, павінен стать цэнт-рам маладзёжнай актыўнасці, нераўнадушнасці і выніковай працы. Не стаць «закансерваваным» аб’яднаннем на паперы, а прыўнесці штосьці новае, тое, што прымусіць моладзь краіны стаць актыўнымі ўдзельнікамі грамадскага жыцця. Як гучала падчас сустрэчы, важна выявіць праблему, вывучыць яе і прыкласці ўсе намаганні для вырашэння. Такім чынам, Маладзёжны парламент – гэта дзейсны і эфектыўны інструмент, які дазволіць моладзі праявіць сваю пазіцыю ў важных грамадскіх справах.
Удзельнікі сустрэчы з Брэстчыны пазнаёміліся з калегамі-гродзенцамі. І нягледзячы на тое, што іх актыў у асноўным складзены са студэнцкай моладзі (брэсцкая дэлегацыя прадстаўлена, у пераважнай большасці, працоўнай моладдзю), агульных тэм і пытанняў безліч. Таму час за размовай праляцеў незаўважна.
Сярод тэм – якім чынам будуць праходзіць выбары ў рэспубліканскі Маладзёжны парламент. Дарэчы, падзяліліся маладыя дэпутаты і вопытам электаральнай дзейнасці ў сваіх рэгіёнах, асаблівая ўвага – працы на месцах, як парламент вызначае сябе, якімі справамі жыве і г. д. Сапраўды, у рэгіёнах шмат вартых увагі акцый, спраў, ідэй, якія здолелі рэалізаваць маладыя дэпутаты. Магчыма, многія праекты могуць ператварыцца ў штосьці большага маштабу. Тым больш, падчас сустрэчы абмяркоўвалася і неабходнасць стварэння сваёй медыя-пляцоўкі, якая б расказала пра дзейнасць, працоўныя будні Маладзёжнага парламента. Улічваючы сучасную мабільнасць, патрэбнасць у аператыўнасці інфармацыі, дзяўчаты і юнакі прапанавалі весці актыўную работу і ў друкаваных выданнях, і ў сацыяльных сетках, і нават стварыць свой мабільны дадатак.
– Маладзёжны парламент – гэта пачатак вашай кар’еры. Сёння мы абмяркоўваем, якім будзе Маладзёжны парламент, якія пытанні будуць вырашацца. І вы такім чынам набіраецеся вопыту зносін, вырашэння пытанняў на ўзроўні раёна, вобласці, а цяпер на ўзроўні рэспублікі. Упэўнены, гэта вам спатрэбіцца ў буду-чым, – адзначыў старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Юрый Наркевіч.
Тое, што моладзь сабралася нераўнадушная, амбіцыёзная, пацвердзіла шырокае кола пытанняў: размаўлялі наконт адукацыйнага працэсу, размеркавання, сацыяльнай падтрымкі тых, хто мае ў ёй патрэбу, вядзення малога бізнесу і іншага. А гэта значыць, што моладзь бачыць, не баіцца ўзняць пытанне і прыняць меры для вырашэння. Тым больш, як падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава падчас нядаўняга пасяджэння савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Маладзёжны парламент, які будзе створаны пры Нацыянальным сходзе, стане важным кадравым рэзервам, які неабходна развіваць.

Маргарыта КУХТА.

Фота аўтара.