Па слядах макулатуры і не толькі. Не ўсё, што нам непатрэбна і мы выкідваем, – смецце

Збор другаснай сыравіны па-ранейшаму застаецца пытаннем дзяржаўнай важнасці і з эканамічных, і з экалагічных пазіцый.

Гэта не смецце!

Летась у раёне сабрана амаль1060 тон другасных матэрыяльных рэсурсаў – 71,5 працэнта ад задання. У разрэзе асобных відаў карціна наступная: нарыхтавана 53 працэнты макулатуры, 78 працэнтаў шкла, выкананы заданні па зборы палімераў, шын, адходаў бытавой тэхнікі, адпрацаванага масла. А вось дзяржзаказ па зборы макулатуры і шкла выканалі ўсе аператары – КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», райпо, два індывідуальныя прадпрымальнікі.
Сярод арганізацый, што асабліва пастараліся і выканалі заданне па нарыхтоўцы другаснай сыравіны, вызначыліся Ляхавіцкая ЖКГ, аддзелы па адукацыі і ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, кансервавы і малочны заводы, ТАА «Інтэрлак», аўтацэнтр «Вікторыя». А вось большасць сельгаспрадпрыемстваў з выкананнем даведзеных заданняў не справілася. Прыемнае выключэнне, напрыклад, ДП «Нача» дзе не толькі поўнасцю разлічыліся з нарыхтоўкай другаснай сыравіны летась, але ўжо і ў студзені 2020 года выканалі значную частку гадавога задання па зборы макулатуры.
Насельніцтва да на-рыхтоўкі другаснай сыравіны падключаецца не так актыўна, як хацелася б, канстатуе галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Наталля Маслоўская.
І калі да аператара ў асобе камунгаса, па словах спецыяліста, пытанняў няма, бо арганізацыя актыўна праводзіць растлумачальную работу сярод насельніцтва, пастаянна інфармуе пра ўмовы і месцы прыёму, прапануе здаваць другасную сыравіну ў кошт запазычанасці за жыллёва-камунальныя паслугі, то пазіцыя райпо ў гэтым плане – пасіўная. Ёсць прэтэнзіі і да сельвыканкамаў. Як адзначае Наталля Маслоўская, яны маглі б актывізаваць насельніцтва на збор другасных матэрыяльных рэсурсаў, у тым ліку праз разнастайныя конкурсы, акцыі і г. д. Такі падыход куды больш эфектыўны, чым проста назіраць, як усё вырашыцца само сабой.
Што тычыцца задання на сёлета, Ляхавіцкі раён павінен назапасіць 650 тон макулатуры, 550 тон шкла, 100 тон пластыку, 160 тон шын, 50 тон масла, 40 тон старой бытавой тэхнікі. Раздумваць няма калі: адзін месяц ужо завершаны.

Сабраць і захаваць

Сабраць другасныя рэсурсы – адзін бок праблемы. Але ёсць і другі, не менш важны – яе захоўванне і перапрацоўка. Сістэма збору ў раёне прадстаўлена пяццю стацыянарнымі нарыхтоўчымі пунктамі райпо і камунгаса, перасоўным нарыхтоўчым пунктам ІП (працуе па графіку, а пры неабходнасці і па заяўным прынцыпе) і гандлёвымі аб’ектамі ў сельскіх населеных пунктах. На тэрыторыі раёна ўстаноўлены 531 кантэйнер для збору цвёрдых камунальных адходаў, з якіх 277 – для паасобнага збору.
Калі раней літаральна да кожнага стацыянарнага нарыхтоўчага пункта былі значныя заўвагі і пастаянна выяўляліся недапрацоўкі, то цяпер, запэўнілі ў райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, сітуацыя значна палепшылася. Наведзены парадак у нарыхтоўчым пункце райпо па вуліцы Вакзальнай: усё раскладзена паасобку, старая бытавая тэхніка культурна суседнічае з металаломам. Другасная сыравіна, якая паступае сюды, своечасова прасуецца і адпраўляецца па далейшым маршруце. Такая ж карціна і ў жылкамунгасаўскім пункце па вуліцы Чкалава.
На балансе ЖКГ адзін палігон цвёрдых бытавых адходаў (размешчаны каля вёскі Грушаўка) і пяць міні-палігонаў у Зарытаве, Гулічах, Тальмінавічах, Свяціцы, Бенькаўцах. На кожным прадугледжаны паасобны збор адходаў. Уладзімір Пятроўскі паведаміў, што сёлета напрыканцы студзеня супрацоўнікі райінспекцыі праверылі стан усіх палігонаў. У фармаце міні найбольшы парадак у Гулічах. Астатнім варта падцягнуцца.
Дарэчы, у тэму. У Баранавічах плануецца мадэрнізацыя сартавальна-перазагрузачнай станцыі па перапрацоўцы цвёрдых бытавых адходаў, зараз распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя. Сюды будуць звозіцца на сартаванне цвёрдыя бытавыя адходы з Баранавіцкага, Ляхавіцкага і Ганцавіцкага раёнаў.

Галіна КАНЬКО.