А кіно будзе?!

…Суботні вечар. Прыгожа зіхацяць ліхтары нашага ўтульнага райцэнтра, суправаджаючы на чарговую кінапрэм’еру, на якую сёння запрасіў сучасны гарадскі кінатэатр «Кастрычнік». Да пачатку кінасеанса час яшчэ ёсць, таму можна азнаёміцца з кінараскладам на будучы тыдзень. У духмяным ад папкорну памяшканні прапануюць і каву, і гарбату, і шмат іншых ласункаў. Займаю сваё месца ў зале, кіно пачынаецца… Здорава.

Але, на жаль, гэта пакуль мара. З такім жа раскладам мясцовыя аматары пагля-дзець навінку на вялікім экране адпраўляюцца часцей за ўсё ў суседнія Баранавічы. Што туды цягне? На гэта пытанне ляхавічанка Наталля (24 гады) адказвае так:
– У пракаце ў баранавіцкай «Звезде» заўсёды навінкі. Бывае і не паспееш купіць білет – жадаючых правесці час за праглядам кіно многа. Таму можна загадзя заказаць білет, не выязджаючы з дома. Дарэчы, там і зала не адна – тры, і выбіраць фільм па душы можна.
Пара з 20-гадовым сямейным стажам Святлана і Андрэй прызнаюцца, што кіно для іх самы сапраўдны адпачынак, які, на жаль, не даступны ў Ляхавічах. Таму раз у тыдзень плануюць паездку ў кіно ў Баранавічы. І хоць даводзіцца траціць грошы на паліва, гэта не перашкода, каб атрымаць асалоду ад гульні любімых акцёраў.
Маладыя бацькі з радасцю б наведвалі дзіцячыя кінасеансы – лічу, такі варыянт сямейнага адпачынку будзе даспадобы ляхавічанам.
А наш абноўлены «Кастрычнік» падчас падрыхтоўкі да абласных «Дажынак» пакуль стаў класным месцам, дзе наладжваюць сваю работу індывідуальныя прадпрымальнікі. Чатыры прыватныя справы разгарнуліся на арандаваных квадратных метрах кінатэатра. Але не кіно…
Раённая кінавідэасетка стала аб’ектам увагі на нядаўняй апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама. Як адзначыў дырэктар ляхавіцкай кінавідэасеткі Канстанцін Фалькоўскі (узначальвае ўстанову менш за месяц), за мінулы год даход ад платных паслуг
склаў 5017 рублёў (52 працэнты ад даведзенага паказчыка). «Кастрычнік» наведалі больш за 12,5 тысячы чалавек, праведзена звыш 750 сеансаў. Дарэчы, працуе і кінавідэаперасоўка, якая летась абслужыла  11 аграгарадкоў.
Але гэта не той узровень, на які павінна выйсці кінавідэасетка. Безумоўна, выдатна, што ў будынку «Кастрычніка» «пасяліліся» магазіны, салоны, кафэ. Кінатэатр, тым больш мы гаворым пра сучасны, павінен стаць не звычайным транслятарам сюжэтаў, хутчэй цэнтрам розных інтарэсаў.
Але галоўным усё ж павінна быць кіно. Як адзначыў Канстанцін Фалькоўскі, сёння гэта немагчыма з-за няспраўнасці кінаапаратуры. У такім жа стане знаходзіцца і абсталяванне для паказу фільмаў у 3D-фармаце, а рамонт у гэтым выпадку эканамічна немэтазгодны.
Між іншым, кінатэатр павінен шукаць выйсце з такіх сітуацый, станавіцца пляцоўкай, куды будзе імкнуцца моладзь. Магчыма, варта падумаць наконт гульнявых прыставак і асобных залаў для геймераў, настольных забаўляльных гульняў. А можа, варта ўзяць кінаабсталяванне ў арэнду, а разам з ім выкарыстоўваць магчымасць запускаць у пракат навінкі кіно. Менавіта такі варыянт развіцця падзей прапанаваў разгледзець і вывучыць старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі. З эканамічнага пункта погляду, кінатэатр – структура, якая павінна не проста існаваць на паперы, а імкнуцца сябе акупіць, стаць прыбытковай.
Здавалася б, даўно ўвайшлі ў лічбавы век. А ў ляхавіцкім «Кастрычніку» адсутнічае абсталяванне для дэманстрацыі фільмаў на лічбавых носьбітах. Але на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама прагучала станоўчая навіна, якая абнадзеіць аматараў кіно. Згодна з праграмай «Культура Беларусі на 2016-2020 гады» запланавана закупка абсталявання ў кінатэатр «Кастрычнік» на 2020 год. З удзелам спецыялістаў Брэстаблкінапраката распрацавана тэхнічнае заданне на патрабуемае абсталяванне. Плануецца, што ў сакавіку гэтага года будуць заключаны дагаворы на пастаўкі. Плюс яшчэ час для закупкі і мантажу абсталявання.
Некалі наш «Кастрычнік» не паспяваў абілечваць наведвальнікаў. Зала кіно заўсёды была поўная – трапіць на сеанс марылі і дзеці, і дарослыя. Пра гэта ў свой час пісаў і «Будаўнік камунізму». Адзначалася, што некалькі разоў у месяц праводзяцца кінасеансы, перад якімі кінамеханік коратка расказвае гледачам змест
карціны. Рэгулярна ў раёнцы з’яўляліся анонсы кінафільмаў, якія дэманстрава-ліся на той момант у Доме культуры. Паход у кіно быў звычайнай з’явай, на сеансы прыходзілі цэлымі сем’ямі.
«Ляхавіцкі веснік» напярэдадні правёў апытанне ў сацыяльных сетках і на сайце: пацікавіўся ў сваіх карыстальнікаў, што яны думаюць наконт такой кінапраблемы.
Як аказалася, ляхавічане ў большасці рэдка (некалькі разоў у год) наведваюць кінатэатр, плануюць паездку ў кіно – раз у месяц. Прычын можа быць многа, але ж галоўная відавочная – а што наведваць?
На пытанне, у якім горадзе наведваюць кінатэатр, больш за 90 працэнтаў апытаных адказалі, на жаль, не ў бок Ляхавіч. Сярод прычын, па якіх яны не выбіраюць мясцовы «Кастрычнік», – няведанне, што ён увогуле працуе, адсутнасць афішы, як і «свежых» кінапрапаноў, нізкая якасць кінапраката. Большасць (93 працэнты) згодна з тым, што Ляхавічам проста неабходны сучасны кінатэатр, і гэта класна. Значыць, можна разлічваць, што залы са спраўнай апаратурай будуць запоўненыя.
Кола цікавых і слушных заўваг на гэту тэму з’явілася ў каментарыях акаўнта instagram. Падпісчыкі падзяліліся сваімі меркаваннямі і выказалі свае пажаданні. Сярод прэтэнзій – не хапае рамонту (хаця будынак выглядае прывабным і ўнутры, і звонку), сучасных фільмаў, тэматычных вечароў, прымеркаваных, напрыклад, да 23 лютага, Дня ўсіх закаханых, сеансаў для малышоў на 30 мінут, добрай рэкламы, якаснай сістэмы агучкі, хацелася б мець магчымасць купіць папкорн. Была прапанова завесці старонку ў сацсетках, а яшчэ змяніць назву. Адным словам, кінатэатр павінен заявіць пра сябе.
Тое, што падпісчыкі не засталіся раўнадушнымі да гэтай тэмы, пацвярджае: праблема сапраўды існуе, як і існуе патрэба ў яе вырашэнні. Хочацца верыць, што сакавік дасць старт Ляхавічам-кінаактыўным. І мара стане рэальнасцю…

P.S.
А Ляхавічы па вызначэнні павінны быць кінаактыўнымі і заахвочанымі ў гэтым плане. Мясцовымі краявідамі, дзіцячымі ўспамінамі, роднымі Федзюкамі натхняўся вядомы на ўвесь свет кінарэжысёр Міхаіл Пташук. Яго легендарныя фільмы, упэўнена, сабралі б не адну залу не толькі ў нашым «Кастрычніку». Дарэчы, ці не ідэя зрабіць тэматычны тыдзень фільмаў нашага вядомага земляка…

Маргарыта КУХТА.