Святло Зоркі. Наша зямлячка Антаніна Прытульчык у 1966 годзе ўдастоена звання Герой Сацыялістычнай Працы

Прамяністы позірк, прыгожы твар, шчырая ўсмешка –фотаздымак маладой жанчыны не можа не захапляць. Здаецца, што гэта папулярная ў сярэдзіне мінулага стагоддзя артыстка Марына Ладыніна на здымках легендарнага савецкага кіно «Свінарка і пастух». Але гэта не актрыса, а самая звычайная працаўніца – свінарка Антаніна Прытульчык. Наўрад ці звычайная вясковая дзяўчына магла нават уявіць, што калісьці за свае працоўныя заслугі будзе ўдастоена высокага звання – Герой Сацыялістычнай Працы.
– Калі мне было 14 гадоў, мама прывяла мяне ў паляводчую брыгаду. Потым перайшла ў жывёлагадоўлю: працавала свінаркай – вырошчвала парасят. Цяжка даводзілася, але я працы ніколі не баялася, беларучкай і гультайкай не была. Дарэчы, амаль усё тады рабілі рукамі, пра механізацыю нават не чулі. Але нічога, усё атрымлівалася, прычым, з кожным годам вынікі станавіліся ўсё лепшымі, – успамінала Антаніна Прытульчык падчас адной з сустрэч з «веснікаўцамі».
Дарэчы, нашай зямлячкай яна стала ўсяго 14 гадоў назад. А да гэтага шмат гадоў адпрацавала на Пружаншчыне. Там у 1966 годзе і была ўдастоена ганаровага звання Герой Сацыялістычнай Працы.
У мінулым годзе на Брэстчыне выпушчана ўнікальная Кніга Пашаны. У ёй – звесткі пра 110 самых перадавых і выніковых работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК за ўсю 80-гадовую гісторыю Брэсцкай вобласці. У галерэю славы аграрыяў Брэстчыны ўнесены прозвішчы 48 Герояў Сацыялістычнай Працы, сярод іх і два нашыя землякі – Генрых Траццяк і Антаніна Прытульчык.
Паважаны чалавек даўно на заслужаным адпачынку. Але раз-пораз у думках вяртаецца ў той далёкі час, калі разам з іншымі працавала, не шкадуючы сіл. Энергічная, ініцыятыўная, уважлівая да праблем іншых, Антаніна Прытульчык старалася заўжды дапамагаць аднавяскоўцам, якія даверылі ёй прад-стаўляць свае інтарэ- сы ў Вярхоўным Савеце БССР – абралі яе дэпутатам, неаднойчы звярталіся з наказамі ці за вырашэннем надзённых пытанняў. У Антаніны Іосіфаўны на ўсё хапала часу і сілы.
Але ж гады бралі сваё. Доўга раздумвала, цяжка было развітвацца з роднай вёскай, але ўсё ж прыняла рашэнне і ў 2006 годзе пераехала ў Ляхавічы – да сястры і пляменніцы. Цяпер яна ляхавічанка, чым таксама ганарыцца.
– Мая цётачка дабрэйшай душы чалавек, шчырая, руплівая, вельмі любіць людзей. А яшчэ яна клапоціцца пра жывёл. Ёй цікава ўсё, што адбываецца навокал. З нецярпеннем чакае кожнага прыезду ўнучак, – расказвае пляменніца Рыма Прытульчык.
Днямі Антаніна Іосіфаўна адзначыла юбілейны дзень нараджэння – 85-годдзе. Канешне ж, былі віншаванні, шчырыя пажаданні. Галоў-нае – моцнага здароўя і яшчэ доўгіх гадоў жыцця на радасць родным і блізкім. З падарункамі да юбіляршы прыехалі прадстаўнікі раённай ветэранскай арганізацыі. Віншавальную паштоўку даслаў і раённы савет ветэранаў Пружанскага раёна. «Ляхавіцкі веснік» далучаецца да віншаванняў і жадае паважанай зямлячцы здароўя, шчасця і дабрабыту.

Галіна КАНЬКО.
Фота з архіва «ЛВ» і сям’і Прытульчык.