Зіма запрашае ў поле. На Ляхавіччыне работы ў полі ідуць, практычна не спыняючыся, яшчэ з мінулагодняй восені

Вядучы спецыяліст райсельгасхарчу Ігар Яварчук расказаў, што менавіта па такім сцэнарыі працуюць флагманы сельскагаспадарчай галіны Ляхавіччыны – ААТ «Жарабковічы» і СВК«Ляхавіцкі». Вывазка на палі і ўнясенне арганікі, ворыва ў гаспадарках на парадку… зімовага дня. А чаму б і не, калі надвор’е стварае спрыяльныя ўмовы для палявых работ. Плюсавая тэмпература, прымальная вільготнасць глебы даюць магчымасць працягваць ворыва тым, хто не зрабіў усё належнае восенню (райаграсэрвіс, «Шлях новы», «Ліпнянка»).

Шэраг гаспадарак (ЗАТ «Белпрампрыбор», «Шлях новы») падсяваюць травы, у прыватнасці, канюшыну.

Не толькі палявымі работамі абмяжоўваецца падрыхтоўка да сельскагаспадарчай вясны. Набываецца насенне, якога не хапае.

Кіпіць работа і ў мехмайстэрнях гаспадарак. Галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Аляксей Хмялеўскі падкрэсліў, што да 1 сакавіка ўсе пасяўныя агрэгаты павінны быць на лінейцы гатоўнасці.

У сельгасарганізацыях раёна ў наяўнасці 320 трактароў, з іх 45 – энерганасычаных, 34 камбінаваныя глебаапрацоўчыя агрэгаты, 25 камбінаваных пасяўных агрэгатаў, 18 сеялак.

Калі гаварыць пра гатоўнасць, то, па словах Аляксея Хмялеўскага, ДП «Нача», СВК «Ляхавіцкі», ЗАТ «Белпрампрыбор» хоць сёння ў поле, тэхніка практычна падрыхтавана. У ААТ «Жарабковічы» ў рамонце знаходзяцца тры энерганасычаныя трактары, а таксама два агрэгаты. У «Шляху новым» пакуль не дайшлі рукі да рамонту АКШ-6, машыны для ўнясення мінеральных удабрэнняў, двух энерганасычаных трактароў і двух пасяўных агрэгатаў. На ўсё патрэбна каля 50 тысяч рублёў.

25 тысяч рублёў – столькі неабходна знайсці КСУП «Ліпнянка», каб адрамантаваць тры трактары «Беларус-3022» і прывесці ў парадак пасяўныя агрэгаты і сеялкі. Да гэтых работ яшчэ не прыступалі. Набалелае пытанне тут і недахоп механізатараў.

Аналагічная праблема і ў райаграсэрвісе. З пяці энерганасычаных трактароў за канкрэтнымі механізатарамі замацаваны толькі два.

Зацягваецца і пачатак рамонтных работ камбінаванага глебаапрацоўчага пасяўнога агрэгата «АПП-6АБ». На яшчэ адзін аналагічны агрэгат патрабуюцца значныя грошы, яго аднаўленне эканамічна немэтазгодна.

Хутка надыдзе час сеяць. Так што падрыхтоўка да гэтай кампаніі не церпіць адкладу.

Галіна КАНЬКО.