Час і традыцыі. Традыцыі, якія старанна захоўваюць і прымнажаюць у Крывошынскай СШ


Як хутка бяжыць час, а разам з ім – жыццё. І мне, былой выпускніцы Крывошынскай сярэдняй школы, сёння прыемна сцвярджаць, што наша школа старанна захоўвае і беражэ свае традыцыі.


Кожны год у лютым школа напаўняецца асаблівай атмасферай. Напярэдадні Дня абаронцы Айчыны традыцыйна праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, якія вучні і настаўнікі нашай школы чакаюць з вялікім хваляваннем і да якіх старанна рыхтуюцца.
А пачынаецца ўсё з чарговага наведвання гісторыка-краязнаўчага музея, якім кіруе настаўнік гісторыі Гачко Кацярына Эдуардаўна. Сёлета яна падрыхтавала экспазіцыю, прысвечаную 75-гадовай гадаўшчыне вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вучні з цікавасцю слухаюць юных экскурсаводаў музея, спадзеючыся пачуць штосьці новае і захапляльнае. І іх надзеі спраўджваюцца.


Затым дзеянні пераносяцца ў фае школы, дзе кожны можа паказаць сваю моц за сталом армрэстлінга. Вучні не толькі мераюцца сваёй сілай, але і дэманструюць свае сяброўскія якасці, маральна падтрымліваючы сваіх таварышаў і аднакласнікаў.
Ну і канешне, самым запамінальным днём для настаўнікаў і вучняў, а таксама для іх бацькоў з’яўляецца сам святочны дзень – Дзень абаронцы Айчыны, калі вучні школы дэманструюць свае таленты. Дзякуючы артыстызму малодшых школьнікаў на сцэне ажываюць песні ваенных гадоў: праходзіць конкурс інсцэніраванай ваенна-патрыятычнай песні. А старэйшыя вучні паказваюць сваю баявую выпраўку ў конкурсе-аглядзе строю і песні. Дзяўчаты і юнакі, нібы сапраўдныя салдаты, адбіваючы кожны крок, праходзяць строям пад песню, спаборнічаюць у індывідуальным заліку па страявой падрыхтоўцы. Конкурсы праходзяць на адным дыханні. І канешне, перамагае лепшы.
Завяршаецца дзень таварышскім матчам па валейболу паміж настаўнікамі і вучнямі.
І мне хочацца спадзявацца, што час не возьме верх над традыцыямі нашай школы і яны будуць жыць яшчэ доўгія гады.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Крывошынскай сярэдняй школы  Філіпповіч Наталля Міхайлаўна