Жывёлагадоўчая дынаміка. На базе ААТ «Жарабковічы» прайшоў семінар-нарада па выніках работы ў жывёлагадоўчай галіне Ляхавіцкага раёна

Чаму ў адных плюс, а ў другіх суцэльны мінус. На базе ААТ «Жарабковічы» прайшоў семінар-нарада па выніках работы
ў жывёлагадоўчай галіне раёна.

Як мінулы год працавалі, такі падмурак і закладзены на сёлета – гэта меркаванне неаднойчы гучала падчас семінара-нарады па выніках работы ў жывёлагадоўчай галіне раёна. Разбор раённых сельскагаспадарчых «палётаў» адбыўся на базе ААТ «Жарабковічы». А папярэднічала пленарнаму пасяджэнню вучоба-практыкум, якую для зааветспецыялістаў правялі на базе МТК «Чашчы» спецыялісты гэтага малочнатаварнага комплексу на чале з брыгадзірам Ігарам Бубенчыкам.
На падвядзенні вынікаў размова ішла канструктыўная, надзённая і сур’ёзная. У рабоце семінара ўзялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса, першы намеснік старшыні райвыканкама –  начальнік райсельгасхарчу Анастасія Рабцэвіч і намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран.
Дэталёва разбіралася сітуацыя ў кожным сельгаспрадпрыемстве, адзначаліся поспехі, высвятляліся прычыны недахопаў і пралікаў, давалася ацэнка рабоце кіраўніцтва і спецыялістаў, разам шукалі выхад з праблемнага раскладу. Анастасія Рабцэвіч у сваім меркаванні адназначная: у аснове ўсяго – эканоміка, і толькі з гаспадарскім падыходам (да нарыхтоўкі якасных кармоў, захавання рэжымаў і рацыёнаў кармлення, тэхналогіі догляду за жывёлай, клопату пра яе здароўе) і пры наяўнасці строгай вытворчай дысцыпліны магчымы высокія вынікі.

Малочная  расшыфроўка

Летась вытворчасць малака ў сельгаспрадпрыемствах раёна склала 55052 тоны ці 102 працэнты да ўзроўню 2018 года.
На 61 кілаграм у сярэднім павялічыўся надой на адну карову і склаў 5118 кілаграмаў. Бясспрэчны лідар – СВК «Ляхавіцкі», дзе ў сярэднім надоі ад кожнай рагулі складалі 8700 кілаграмаў малака, аўтсайдар – ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», дзе аналагічны паказчык усяго 2935 кілаграмаў.
Павальнымі тэмпамі, алеўсё ж расце малочнае пагалоўе (сёння складае 1068 рагуль).
Што тычыцца якасці малака, якое ідзе на продаж, можна адзначыць: павялічваецца колькасць сырадою, прададзенага гатункам экстра, нязначны (чатыры працэнты), але ўсё ж рост ёсць. Тлус-тасць засталася на пазалеташнім узроўні – 3,71.
Начальнік райсельгасхарчу прывяла такі прыклад: у «Ліпнянцы» расход кармоў на адзін цэнтнер малака складае 1,7 цэнтнера кармавых адзінак. Для параўнання: у малочных флагманах раёна СВК «Ляхавіцкі» – 0,896, ААТ «Жарабковічы» – 0,998. Пра які прыбытак ліпнянскім жывёлаводам можна гаварыць?
Сітуацыя па рэнтабельнасці малака па сельгаспрадпрыемствах Ляхавіччыны адрозніваецца кардынальна: калі ў «Жарабковічах» –
41,7 працэнта, «Ляхавіцкім» – 35,2, «Начы» – 40 працэнтаў, то ў райаграсэрвісе – 4,3 працэнта, «Ліпнянцы» – 2,3 працэнта.
Летась раён істотна прыбавіў у атрыманні жывёлагадоўчай прадукцыі: 9147 тон супраць пазалеташніх 5395 тон. На 8 працэнтаў выраслі сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы і склалі 571 грам. Найменшыя прывагі атрыманы ў «Шляху новым» (430 грамаў), райаграсэрвісе (499), «Ліпнянцы» (573 грамы).
Больш чым удвая (з 4022 тон пазалетась да 8370 тон летась) у сельгаспрадпрыемствах вырас паказчык рэалізацыі жывёлы.
У мінулым годзе ў сельгаспрад-прыемствах раёна атрымана 10436 цялят – 104 працэнты да ўзроўню 2018 года, ад 100 кароў ­– 71 цяля. Дырэктар племянной станцыі па Ляхавіцкім раёне Таццяна Пунько адзначыла, што са станоўчай дынамікай па атрыманні прыплоду цялят спрацавалі спецыялісты «Ляхавіцкага», дзе выхад цялят – 97 на 100 кароў, у ЗАТ «Белпрампрыбор» – 87, «Жарабковічах» – 81. А вось у КСУП «Ліпнянка» цялят недаатры-малі – усяго 87 працэнтаў да 2018 года, 52 цяляці ад 100 кароў, у «Шляху новым» – 55 цялят ад 100 кароў.
Адным з важных пытанняў Таццяна Пунько назвала вырошчванне рамонтных цялушак. Пры тым, што забяспечанасць імі па раёне склала 106 працэнтаў да наяўнасці кароў, у «Шляху  новым» – 89 працэнтаў, райаграсэрвісе – 96.
Галоўны ветэрынарны ўрач раёна Мікалай Дабрыянец падрабязна спыніўся на правядзенні ветэрынарна-эпідэмічных мерапрыемстваў на прыкладзе кожнай гаспадаркі. Ён падкрэсліў, што ні ў якім разе нельга эканоміць на правядзенні прышчэпак, бо вакцынацыя – лепшы і эфектыўны сродак прафілактыкі хвароб жывёлы, як, дарэчы, і на набыцці лекаў. Напрыклад, вакцынацыяй у «Ліпнянцы» мала займаюцца, адсюль і найбольшы падзеж буйной рагатай жывёлы. Гэта ж датычыцца і «Шляху новага». Красамоўныя лічбы: 109 тысяч рублёў «згубіў» «Шлях новы» па прычыне падзяжу БРЖ. А на набыццё лякарстваў дастаткова было патраціць крыху больш за тысячу рублёў.
Некаторыя прадстаўнікі заатэхнічнай і ветэрынарнай службаў гаспадарак нядобрасумленна адносяцца да сваіх прафесійных абавязкаў, грэбуюць элементарнымі правіламі гігіены работнікі фермаў і комплексаў – пытанні, якія неабходна вырашаць кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў.
Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран, падводзячы вынікі нарады, агучыў агульнае меркаванне: асноўная прычына выяўленых недахопаў – безгаспадарчасць і абыякавасць. Калі сітуацыю неадкладна не выпраўляць, яна будзе яшчэ больш пагаршацца.
Старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса адзначыў,
што нельга дапускаць, каб пазіцыі Ляхавіцкага раёна ў жывёлагадоўлі былі горшымі на Брэстчыне. У нашым раёне створаны ўсе неабходныя ўмовы, каб гэта галіна працавала са знакам плюс.

Што на прыватных падвор’ях

На жаль, змяншаецца закуп малака ў насельніцтва. Што маем? За год закуплена 3023 тоны, і гэта мінус 550 кілаграмаў да паказчыка 2018 года. Прычыны падзення не новыя: змяншэнне прыватнага статка, выкліканае змяншэннем колькасці сельскага насельніцтва і нежаданнем маладых трымаць прыватную гаспадарку. Хаця ёсць і адваротныя выпадкі. Нямала руплівых вясковых працаўнікоў, якія трымаюць сапраўдныя міні-фермы на прыватных падвор’ях. Напрыклад, Гаўрыльчыкі з Вострава і Дзянішчыкі з Любеек, Андрэй Бабко з Савеек, Уладзімір Свінабурка з Куршынавічаў, Тамара Дарахлевіч з Зубелевічаў, Іна Блашэнка са Сваятыч, Дзмітрый Трыбух з Лабузоў, Надзея Галінская з Літвы, Таццяна Барташэвіч і Дзмітрый Масцілоўскі з Вялікай Лотвы, Сяргей Расоха з Пашкоўцаў, Алена Грыбоўская і Клара Грынялевіч са Свяціцы, Сяргей Гладкі з Альхоўцаў, Сяргей Столяр з Пад’язаўля.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.