Зямля як багацце. 21 лютага работнікі і ветэраны землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службаў адзначаць сваё прафесійнае свята

Начальнік земслужбы Святлана Махнач (другая злева) і галоўныя спецыялісты аддзела Леанід Колбін, Ірына Партас, Наталля Крымская.

Тое, што зямля – сапраўднае багацце, выдатна ведаюць у аддзеле землеўпарадкавання райвыканкама. Менавіта супрацоўнікі гэтага падраздзялення валодаюць інфармацыяй, дзе самая каштоўная зямля ў раёне, і якія ўчасткі могуць быць выдзелены, згодна зямельнага заканадаўства, для аграрных ці, напрыклад, прамысловых і іншых мэтаў. Спектр дзейнасці службы даволі шырокі, але асноўны абавязак – кантроль за аховай і рацыянальным выкарыстаннем зямлі.

Святлана Махнач у прафесіі больш за два дзесяцігоддзі, палову з якіх узначальвае мясцовую зямельную службу. Напярэдадні прафесійнага свята Святлана Уладзіміраўна за добрасумленную і плённую працу ўзнагароджана Падзякай старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь.
Кожны з чатырох спецыялістаў аддзела землеўпарадкавання – сапраўдны прафесіянал.
– Законы ўдасканальваюцца і мяняюцца. А нашай службе нярэдка даводзіцца разбірацца ў складаных сітуацыях паміж суседзямі, якія высвятляюць адносіны з-за квадратных метраў. Таму вельмі важна ведаць усе змяненні і пераканаўча імі аперыраваць, – адзначае Святлана Махнач.
У кампетэнцыі земаддзела, акрамя іншага, разгляд матэрыялаў па адабранні і выдзяленні зямельных участкаў, прадаўжэнні тэрмінаў іх карыстання, выяўленне невыкарыстоўваемых або нерацыянальна выкарыстоўваемых зямель і ўнясенне прапаноў аб іх далейшым «лёсе» і г. д.
За мінулы год аддзел землеўпарадкавання разгледзеў 331 заяву па зямельных пытаннях ад насельніцтва і юрыдычных асоб, не ўлічваючы тых зваротаў, якія паступаюць у сельвыканкамы.
Без малога 30 гадоў «зямельны» стаж намесніка начальніка аддзела Святланы Бубен. Дасканалае валоданне заканадаўчай базай, камунікабельнасць і стараннасць, а таксама ўменне пераканаць у правільнасці свайго пункта гледжання – гэтыя ўменні і якасці ўласцівы Святлане Мікалаеўне.
Зямля павінна выкарыстоўвацца па мэтавым назначэнні, перакананы галоўны спецыяліст аддзела Леанід Колбін, які курыруе гэтыя пытанні на тэрыторыі чатырох сельсаветаў – Жарабковіцкага, Начаўскага, Альхоўскага і Ганчароўскага. Настойлівы і адказны галоўны спецыяліст Ірына Партас. На яе кантролі зямельны парадак на тэрыторыі Ляхавічаў і Навасёлкаўскага сельсавета, агульная плошча «гаспадаркі» складае больш за 9500 гектараў.
Для Наталлі Крымскай, якая прыйшла ў земслужбу ў 2006 годзе пасля заканчэння Горацкай сельгасакадэміі, гэта месца працы стала першым і адзіным.
21 лютага работнікі і ветэраны землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службаў адзначаць сваё прафесійнае свята. У тым ліку дзякуючы і гэтым спецыялістам, Ляхавіччына прыгажэе і расцвітае.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.