Усё пачынаецца з дыялога. Эфектыўная форма работы дэпутата з насельніцтвам – асабісты прыём

У мінулы аўторак жыхары Ляха-віцкага раёна мелі магчымасць звярнуцца са сваімі праблемамі або пытаннем, якое цікавіць, да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людмілы Жалнерчык.

Асабісты прыём дэпутат правяла ў Начаўскім сельвыканкаме. Магчымасцю атрымаць кансультацыю ці дапамогу скарысталіся чатыры чалавекі.

Жыхары вёскі Мыслабаж, чые дамы суседнічаюць з гасцявым комплексам лясгаса, паскардзіліся на нязручнасці ад такога суседства, маўляў, святы, што праходзяць там, часта суправа-джаюцца шумам, гучнай музыкай.

Людміла Жалнерчык паабяцала звярнуцца ў лясгас, разабрацца ў сітуацыі. Для пачатку, падкрэсліла дэпутат, трэба вывучыць нарматывы па ўзроўні шуму ў памяшканнях і каля іх.

Жыхароў аграгарадка Русінавічы і вёскі Гаслаўшчына хвалявала пытанне, чаму іх дамы не ўключаны ў план газіфікацыі на 2020 год.

Як патлумачыла Людміла Мікалаеўна, праектна-каштарысная дакументацыя са станоўчым заключэннем ДРУП «Дзяржбудэкспертыза» была атрымана толькі 22 студзеня 2020 года. Таму Гаслаўшчына і Русінавічы ў пералік аб’ектаў газіфікацыі жыллёвага фонду грамадзян на гэты год не ўвайшлі.

Хоць прамая тэлефонная лінія не была заяўлена, дэпутат не пакінула па-за ўвагай званкі двух жыхароў Ляхавіччыны.

Першы званок быў наконт кошту медыцынскіх паслуг у абласной бальніцы. А жыхар аграгарадка Ліпск цікавіўся ў дэпутата, як цяпер можна выкарыстаць чэкі «Жыллё».

Таксама Людміла Жалнерчык выехала ў гэты дзень у аграгарадок Востраў. Адтуль прыйшла скарга, што пры здачы цялят гаспадарка няправільна разлічвае выплаты натурпрадуктам, у прыватнасці, збожжам. Як аказалася, з боку гаспадаркі ўсе выплаты робяцца дакладна. Людзям усё растлумачана.

На пытанні, атрыманыя падчас асабістага прыёму, заяўнікі атрымалі грунтоўныя адказы і парады, па некаторых з іх, аднак, патрабуецца дадатковае вывучэнне.

Усе яны застануцца на кантролі дэпутата да вырашэння.

Ірына КУЗЬМІЧ.