Армейская дыстанцыя. Карэспандэнты «Ляхавіцкага весніка» напярэдадні 23 лютага наведалі вайсковую часць

17 лютага Кіраўнік дзяржавы падпісаў указ аб звальненні ў запас і прызыве на тэрміновую ваенную службу, які сёлета пройдзе з лютага па май. Для ваеннаслужачых, якія адслужылі ўстаноўлены тэрмін, ён закрывае армейскую старонку жыцця. У батальёне кіравання 8-й радыётэхнічнай брыгады Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны, што дыслакуецца недалёка ад Ляхавічаў, таксама маюцца «выпускнікі». Ёсць і тыя, хто толькі пачынае армейскі шлях. Як ім служыцца на ахове паветраных межаў краіны? Карэспандэнты «ЛВ» напярэдадні 23 лютага наведалі вайсковую часць 29969.

Дысцыпліна, парадак і дакладнае выкананне армейскага статута і загадаў – аснова асноў.
«Рота, пад’ём!» – гучыць каманда днявальнага ў шэсць гадзін раніцы (у выхадныя і святочныя дні – на час пазней). А праз 10 мінут па графіку ранішняя зарадка. Далей усё ідзе па зацверджаным распарадку. У дні, напоўненыя вучэбнымі заняткамі, баявымі дзяжурствамі, спартыўна-масавай работай і трэніроўкамі асабістага складу, фізпадрыхтоўкай, прадугледжаны і вольны час.

Пра армейскія будні – з салдацкіх расказаў

У салдатах ганцаўчанін Дзмітрый Шаламіцкі 15 месяцаў, за гэты час атрымаў званне яфрэйтара і армейскую спецыяльнасць дызеліста-электрыка. Расказвае, што пасля арміі працягне завочнае навучанне ў БДАТУ. Дома чакае дзяўчына. Ці хвалюецца за яго мама? Адказвае, што для хвалявання няма падстаў. Можа, як і іншыя бацькі, заўсёды прыехаць у выхадны дзень. За год пераканалася, што сын у вайсковай часці ў надзейных руках прафесіяналаў і сярод таварышаў.
Тры месяцы да звальнення ў запас засталося і Кірылу Пятрушку. Кіцель упрыгожвае нагрудны знак «Выдатнік баявога дзяжурства». Такую адзнаку заслугоўваюць тыя, хто сотню і болей баявых дзяжурстваў «адпрацаваў» на выдатна. Малодшы сяржант  Пятрушка – камандзір разведчыкаў-наглядальнікаў паста візуальнага нагляду.


Радавы Эдуард Маеўскі з восеньскага прызыву. Панастаўнічаў пасля атрымання дыплома ВНУ два месяцы і стаў у строй. Згодна беларускага заканадаўства ён і пасля службы зможа прадоўжыць выкладаць гісторыю рабятам у той жа школе.
Дзмітрыя Грынкевіча дома чакаюць жонка і родныя. Веды выпускніка БДУІРа прыйшліся дарэчы для набыцця вайсковай спецыяльнасці аператара аддзялення кантролю групы апрацоўкі інфармацыі.
Случчанін Алег Нядзелька менавіта ў арміі пачаў пісаць пісьмы сябрам. Можна і патэлефанаваць, але самы армейскі канал сувязі ўсё ж пісьмы.


Віталій Касцюк таксама з навічкоў, сцвярджае, што на адлегласці ад дому стаў больш самастойным.
Усе, як адзін, вайскоўцы адзначаюць: армія загартоўвае, выхоўвае характар, змяняе погляд на многія рэчы. Прызнаюцца, чаго не хапае ў арміі, дык гэта інтэрнэту, але пасля ўсё навярстаюць. Сумуюць, канешне, па доме, але разумеюць абавязак салдата. Камандзір аддзялення планшэтыстаў Мікіта Сяўрук (служыць 14 месяцаў) расказвае, што з самага пачатку службы вопытныя камандзіры вучаць і накіроўваюць, падтрымліваюць маладых і тыя, хто служыць даўжэй.


Многія нясуць тэрміновую службу ў пару дзясятках кіламетраў ад свайго дому. І гэта яшчэ адзін плюс да сённяшніх армейскіх будняў. Абноўлена амуніцыя салдата. У мінулым падшыўка белых каўнерыкаў – форма зручная і не маркая. Няма нарадаў па сталовай, а гэта магчымасць больш часу адвесці на баявую падрыхтоўку. Выдатнікі па ваенных дысцыплінах могуць заслужыць кароткачасовае звальненне ці дадатковыя дні да водпуску.


Важкі складнік добрай службы – смачны абед. Загадчыца вытворчасці Анжэла Карповіч разам з поварамі ў адказе за якасць і збалансаванасць меню. Салдацікі пацвярджаюць, што гатуюць у сталовай па-дамашняму. У тыднёвым меню рыба пяці відаў, птушка кожны дзень на сняданак, на абед – свініна ў розных варыяцыях. Плюс разнастайныя першыя стравы, гарніры і салаты, булачкі, салодзенькае два разы на тыдзень.
Клапоцяцца і пра здароўе салдатаў. Перад кожным нарадам і баявым дзяжурствам фельчар Іна Сакалоўская праводзіць медагляд: вымярае артэрыяльны ціск, тэмпературу і г. д.

У вайсковай часці – землякі

Тры месяцы назад змяніў красоўкі на берцы ляхавічанін кандыдат у майстры спорту  па дзюдо і самба Данііл Касянкоў. Наш зямляк на паўтара гады перакваліфікаваўся ў механіка перадаючага радыёвузла сувязі. Для Данііла армейскія нагрузкі – справа звыклая. Разважае, што «мірныя» трэніроўкі і фізічная падрыхтоўка дапамагаюць у арміі. Намеснік камандзіра па ідэалагічнай рабоце Андрэй Паляшук хваліць нашага земляка і гаворыць, што радавы Касянкоў будзе выязджаць на трэніровачныя зборы, адстойваць гонар часці на армейскіх спаборніцтвах.
Начальнік групы апрацоўкі інфармацыі камандна-тэхнічнага вузла малодшы лейтэнант Юрый Цывінскі прайшоў шлях ад радавога да прапаршчыка, а зараз ён афіцэр з армейскім стажам амаль два дзесяцігоддзі.


Раман Дудараў пасля тэрміновай службы вярнуўся ў Ляхавічы і ў батальёне кіравання на кантрактнай аснове служыць старшыной. Дарэчы, вайсковая часць запрашае на службу па кантракце, вітаецца адукацыя, звязаная з тэлекамунікацыяй. Забяспечаны сацыяльны пакет і іншыя дадатковыя бонусы.
Камандзір батальёна падпалкоўнік  Дзмітрый Брадніцкі ў характарыстыцы сваіх падначаленых па-ваеннаму лаканічны – прафесіяналы, якія не падвядуць, гатовыя да выканання задач любой складанасці. А наконт салдацкай службы дадае: кожны мужчына павінен адслужыць. Умець абараніць сябе, сваю сям’ю – абавязак сапраўдных мужчын. А гэтаму вучаць у арміі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.