Агракаледжскі аншлаг. У мінулую суботу ў актавай зале Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа не было свабодных месцаў

БОЛЬШ КАДРАЎ У ФОТАРЭПАРТАЖЫ

Сюды, дзе панавала атмасфера шчырасці і адкрытасці, з розных куточкаў Беларусі спяшаліся тыя, для каго гэта навучальная ўстанова стала стартам у прафесію і дарослае жыццё.
Прадстаўнікі розных пакаленняў (усяго сабралася больш за сотню чалавек) абдымаліся пасля доўгага расстання, радаваліся, нібы дзеці, смяяліся, жартавалі і, канешне, успаміналі, успаміналі, успаміналі…
Гледзячы на вясёлых мужчын і жанчын, нават не верыцца, што гэта выпускнікі з 40-гадовым «стажам».

– Наша 44-я група тады яшчэ саўгаса-тэхнікума была вельмі дружная. Усюды разам: паходы, экскурсіі. Са спортам дужа
сябравалі, чаму нас навучыла выкладчык Вольга Афанасьеўна Мурашка, – дзеліцца Люцыяна Сойка з Нясвіжа, якая ўсё жыццё працавала ў сельскай гаспадарцы.
На сустрэчу з маладосцю прыехалі яе аднагрупнікі: Тамара Паляшчук з Любані, Любоў Мінец са Слуцка, Леанід Канцылярчык з Баранавічаў, Эмілія Ксёнжык – ляхавічанка.
Імпазантны мужчына ў дзелавым касцюме нешта з натхненнем расказвае сваёй былой групе. Знаёмімся: кіраўнік Кобрынскага вытворчага ўчастка ААТ «Брэстхлебапрадукт» Віктар Балабушка.
– Дзяўчаты ў нас на курсе былі самыя лепшыя! Увогуле тады здавалася, што ўсё навокал было для нас і дзеля нас, – гаворыць выпускнік 1981 года. А побач тыя самыя дзяўчаты: з Ляхавічаў, Ганцавічаў, Дзяржынска, Івацэвічаў, Слуцка. У адзін голас успамінаюць, як на першым курсе весела жылося ў інтэрнаце, як ездзілі падымаць лён, каля Патапавічаў палолі буракі. Словы асаблівай пашаны ў адрас сваіх куратараў – Валянціны Скорынай і Галіны Нагорнай.
Канешне, пасталелі ў параўнанні з 1987 годам, калі раз’ехаліся па размеркаванні колішнія выпускнікі, якім сёння ўжо за 50 гадоў. Але ўзроставы багаж не пераважыць успаміны пра гады вучобы ў сельскагаспадарчым тэхнікуме і сяброўства. І няхай не ў поўным складзе прыбыла на свята 33-я група, але абавязкова з кветкамі для свайго шаноўнага куратара Міхаіла Краўчанкі.
Каля гэтай кампаніі нельга не спыніцца.
– Без залішняй пахвальбы наша група заўжды была сярод перадавых. Адзін за ўсіх, усе за аднаго – гэта таксама пра нас. І сёння, праз 25 гадоў, сазвоньваемся, маем зносіны праз сацыяльныя сеткі. І, канешне ж, скарысталіся такой выдатнай магчымасцю сустрэцца, – за ўсіх расказала ляхавічанка Алена Сцепачова.
Пераважная большасць выпускнікоў 2010 года працуе па спецыяльнасці. Многія пасля каледжа атрымалі вышэйшую адукацыю. Літаральна ўсе, як адзін, сцвярджаюць: тыя веды і навыкі, якія атрымалі ў ЛДАКу, далі многае для станаўлення ў прафесіі. Тамара Местумрышвілі працуе ветэрынарным урачом у клініцы ў Мінску, Валянціна Панько – тэхнікам-лабарантам на «Брэстплемпрадпрыемстве», яе муж і аднагрупнік Анатолій – ветурач. Далей ідзе пераклічка: Вераніка Калола працуе ў Нясвіжскім раёне, Аксана Валашчук – у Івацэвіцкім, Ганна Лах – у Брэсце, Марына і Аляксей Каржовы – у ААТ племзавод «Мухавец», Яўгеній Джурабаеў – у Гарадзеі. І праз дзесяцігоддзе зноў разам з імі любімы куратар Ларыса Мацейчык.


Ёсць сярод выпускнікоў і тыя, хто праз пэўны час вярнуўся ў сваю навучальную ўстанову выкладчыкам ці працаўніком.
Усе разам яны – адна вялікая сям’я, у якой больш за 14 тысяч чалавек (менавіта столькім спецыялістам даў сельскагаспадарчую адукацыю і прафесію Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж). І сёння, праз дзесяцігоддзі кандыдат ветэрынарных навук выпускнік каледжа Міхаіл Місцейка шчыра ўдзячны выкладчыкам за той вялікі багаж ведаў, які ён атрымаў падчас вучобы. Шчырыя словы ўсім педагогам, у тым ліку выкладчыцы аградысцыплін Ніне Глушчанка, якая аддала каледжу 40 гадоў, 84-гадоваму Георгію Шабану, які выкладаў эканоміку, выкладчыку ветэрынарных дысцыплін Тамары Яраш, старшыні прафкама Аляксандры Матчэня. Яны і іншыя калегі раздзялілі з былымі студэнтамі радасць сустрэчы.


…Нібы вярнуліся ў юнацтва, прайшліся па знаёмых сцяжынках студэнцкага гарадка, пасядзелі ў аўдыторыях і лабараторыях. І, канешне ж, сталі галоўнымі героямі і сведкамі святочнага канцэрта.
З прывітальным словам да ўсіх звярнулася дырэктар установы Алена Абарава. Яна пажадала поспехаў і ўдачы ўсім, для каго ЛДАК стаў часцінкай жыцця. І, канешне ж, былі кветкі, падарункі, песні, шчырыя словы ўдзячнасці сённяшнім навучэнцам і выкладчыкам за арганізаваную сустрэчу.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.