5 студзеня на Ляхавіччыне адзначаюць Дзень работнікаў сацыяльнай абароны

Наталля Тарасевіч спяшаецца на дапамогу.

Сацыяльны работнік — прафесія неабходная, значная. У яе прыходзяць людзі, каб дапамагаць тым, хто трапіў у бяду, застаўся самнасам з узростам, хваробай, а іншы раз і з абыякавасцю, здрадніцтвам блізкіх і родных.

Дзяржава не шкадуе сродкаў для падтрымкі найбольш неабароненых грамадзян: інвалідаў, хворых, састарэлых, адзінокіх. Але вельмі важныя і зносіны паміж людзьмі, індывідуальная дапамога. У сацыяльнага работніка практычна неабмежаваны рабочы дзень. Калі чалавек звяртаецца са сваёй бядой ці праблемай, яго нельга прасіць пачакаць, пакуль пройдуць святы ці выхадныя.
Сярод людзей, чыя прафесія з’яўляецца ўвасабленнем міласэрнасці і дабрыні — наша зямлячка Наталля Тарасевіч. Амаль 20 гадоў яна працуе ў сацыяльнай службе. Гэта якраз той прыклад, калі чалавек выпадкова прыйшоў у прафесію, паспрабаваў і зразумеў — гэта яго прызванне і жыццёвае прызначэнне. Наталля Мікалаеўна не мае спецыяльнай адукацыі псіхолага, але ў яе ёсць вельмі важныя якасці — тактоўнасць, добразычлівасць, яна ўмее знайсці падыход да кожнага свайго падапечнага. А іх у яе 10: 4 мужчыны і 6 жанчын ва ўзросце ад 70 да 90 гадоў. Старэйшы — ветэран Вялікай Айчыннай вайны 91-гадовы Станіслаў Бурвель.
Гэта мініяцюрная, ветлівая жанчына на дзіва спрытна спраўляецца са сваімі абавязкамі, выконвае іх акуратна і дакладна, ніколі не паскардзіцца, што ёй цяжка ці нешта не атрымліваецца. Паспявае і ў дамах падапечных прыбрацца, і на двары парадак навесці, і камунальныя паслугі своечасова аплаціць, дапамагчы ў нарыхтоўцы садавіны і агародніны, а пры неабходнасці заказаць дровы і брыкет на зіму. А яшчэ — збегаць (менавіта так) да ўрача за чарговым рэцэптам (зразумела, што большасць яе падапечных — хворыя людзі, узрост ёсць узрост), купіць неабходныя медыкаменты. Калі нехта з яе бабуль ці дзядуль трапляе ў бальніцу, Наталля Мікалаеўна абавязкова наведвае іх.
Ніхто з яе падшэфных ужо і не ўяўляе сваё жыццё без Наташачкі (так ласкава яе называюць), якая заўсёды прыходзіць на дапамогу са шчырай усмешкай.
На пытанне, як працуецца, Наталля Тарасевіч усміхаецца:
— Добра і з надзеяй, што ўсё атрымаецца. Люблю людзей, таму і работа мне падабаецца.
Сёння Наталля разам з калегамі — сацыяльнымі работнікамі ТЦСАН — адзначае прафесійнае свята. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень лічыць, што гэта самая няпростая і важная работа — працаваць непасрэдна з людзьмі, рабіць іх жыццё больш светлым, зручным і шчаслівым.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *