Школа пад аховай. Установы адукацыі Ляхавіцкага раёна – тэрыторыя бяспекі

Фота з архіва «ЛВ»

У школе, дзіцячых садках хлопчыкі і дзяўчынкі знаходзяцца значную частку дня. Каб бацькі маглі спакойна працаваць і не хвалявацца за здароўе сваіх дзяцей, яны павінны быць перакананы ў іх поўнай бяспецы. У адказе за гэта аддзел па адукацыі райвыканкама.

Бяспека ва ўсіх установах адукацыі раёна пачынаецца з увахода ў школу ці сад – дзейнічае прапускны рэжым. Дзяжурны работнік абавязкова пацікавіцца, з якой мэтай госць зайшоў, і ўнясе яго даныя ў журнал рэгістрацыі наведвальнікаў. Акрамя гэтага, пільна сочыць за галоўным школьным уваходам, гардэробам,памяшканнем харчаблока, кантралюе спартзалу зоркае «вока» камер відэаназірання. У 14 установах адукацыі ўстаноўлены кнопкі трывожнага выкліку міліцыі, якія абслугоўвае Баранавіцкі аддзел дэпартамента аховы.
Якія правілы лепш запамінаюцца і становяцца кіраўніцтвам да дзеяння?  Тыя, якія пададзены цікава. З гэтай мэтай і дзеля прафілактыкі дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму ва ўсіх дашкольных установах і школах абсталяваны пляцоўкі па практычным вывучэнні правілаў дарожнага руху. Маюцца вынасныя знакі дарожнага руху, наглядныя дапаможнікі, макеты святлафораў, нанесены элементы дарожнай разметкі – усё набліжана да рэальных умоў. «Абкатваецца» пляцоўка на пазакласных мерапрыемствах, занятках па АБЖ і г. д. Распрацаваны ва ўстановах адукацыі і пашпарты дарожнай бяспекі, схемы маршрутаў бяспечнага руху навучэнцаў у школу і дадому. І рабяты ведаюць іх.
Асобная ўвага надаецца стану харчаблокаў і сталовых. Так, зроблены
рамонт механічнай выцяжной вентыляцыі ў памяшканні харчаблока Задворскага дзіцячага садка, у памяшканні кухні і ў мыйнай СШ № 2, гімназіі. Праведзены тэхнічнае абслугоўванне і пашпартызацыя сістэм механічнай выцяжной вентыляцыі харчаблокаў 13 устаноў адукацыі і аздараўленчага лагера «Чайка».
На кантролі і электрабяспека. У 165 вучэбных і вытворчых памяшканнях зроблены замеры ўзроўняў штучнай асветленасці працоўных месцаў, адабраны сем проб вады ў гаспадарча-пітных водаправодах устаноў і 24 пробы вады з вадаёма лагера «Чайка». Праве-дзены даследаванні на 24 працоўных месцах у кабінетах інфарматыкі – вымяраліся электра-магнітныя і электрастатычныя палі, узровень гуку.
Асобным радком пра тэрыторыю ўстаноў адукацыі. Тэхнічныя калодзежы, вучэбнае, спартыўнае і гульнёвае абсталяванне пастаянна «экзаменуюцца» на бяспечнае выкарыстанне. Дарэчы, летась па прапанове камісій ва ўстановах адукацыі дэманціравана каля 30 адзінак спартыўнага і гульнёвага абсталявання, якое не адпавядала правілам бяспекі. Тэхнічныя, падвальныя памяшканні, выхад на дах закрытыя для старонніх асоб. На тэрыторыю ўстаноў адукацыі могуць заязджаць толькі службовыя машыны з мэтай падвозу харчавання, уборкі смецця і г. д.
Вядучы інжынер па ахове працы групы цэнтралізаванага гаспадарчага абслугоўвання аддзела па адукацыі райвыканкама Анатолій Салата адзначае, што тэарэтычны і дакументальны бок бяспекі – таксама важкі складнік. У распрацаваных і зацверджаных службовых і рабочых інструкцыях адлюстраваны правы і абавязкі работнікаў па ахове працы. Загадамі кіраўнікоў назначаны адказныя за падрыхтоўку і правядзенне вытворчых і адукацыйных працэсаў, за бяспечны стан тэрыторыі, вучэбных кабінетаў і г.д, распрацаваны правілы ўнутранага распарадку. Зноў жа дзеля бяспекі, зацверджаны пералік прадметаў i рэчываў, забароненых да захоўвання і выкарыстання навучэнцамі ў перыяд знаходжання ва ўстанове адукацыі.
Але стварэнне бяспечных умоў пры арганізацыі адукацыйнага працэсу немагчыма без удзелу бацькоў, іншых зацікаўленых асоб, цеснага ўзаемадзеяння і комплекснага падыходу.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.