Свята па форме. Дзень абаронцаў Айчыны ў Ляхавічах адзначылі ўрачыста /фота і відэа/

БОЛЬШ КАДРАЎ у ФОТАРЭПАТАЖЫ

Свята сапраўдных мужчын, тых, хто заўсёды на варце нашага спакою, шчаслівага сёння, бяспечнай светлай будучыні, свята самых надзейных і моцных. Ляхавічы напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны – у поўнай святочна-баявой гатоўнасці да ўрачыстасцяў.

Моцныя рукапацісканні, сціплыя, але ад таго не менш шчырыя ўсмешкі людзей у форме і ў пагонах, тых, хто сёння ў радах беларускай арміі, і тых, у чыёй біяграфіі не адно дзесяцігоддзе ў страі.
Даніна памяці загінулым героям – хвіліна маўчання як напамін: такое больш не павінна паўтарыцца. Піянеры аддаюць салют, пад гукі духавога аркестра прадстаўнікі ўлады, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, сённяшнія ваеннаслужачыя ўсклалі кветкі і вянкі да помніка на плошчы Перамогі.
Святочная праграма атрымала працяг у ГДК. Тут па-ваеннаму строга, сярод гасцей большасць не ў цывільным. Камандзіры ваенных падраздзяленняў, воіны запасу, салдаты тэрміновай службы – яны галоўныя дзеючыя асобы святочнага сюжэта.
З віншаваннямі да ўсіх абаронцаў Айчыны звярнуўся начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята горада Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Аляксей Сідаровіч. 
Шчырыя словы адрасавала моцнай палове намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч.
Яркае выступленне абаронцам падрыхтавалі самадзейныя артысты Ляхавіччыны.

Маргарыта КУХТА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.