Малочны праект без межаў. Трэці год у Ляхавіцкім раёне рэалізуецца праект «Доўгая карова»

Трэці год у Ляхавіцкім раёне рэалізуецца праект «Доўгая карова». У 2017-м ён стаў адным з пераможцаў конкурсу мясцовых ініцыятыў.

У межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕС-ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» прапанаваў і рэалізоўваў ініцыятыву Брэсцкі абласны аграпрамысловы саюз. Асноўная мэта аграпраекта – развіццё ў сельскай мясцовасці прадпрымальніцтва і самазанятасці ў выглядзе малых сямейных фермаў.

На сельскіх сходах прадстаўнікі Брэсцкага аграпрамысловага саюза і фермерскай гаспадаркі «ЛагуЦін» (менавіта яна стала стартавай пляцоўкай, куды паступілі племянныя цялушкі) рас-казвалі пра мэту праекта, яго фінансаванне, перспектывы для насельніцтва. Право-дзіліся выязная вучоба, вучоба-трэнінг для будучых гаспадароў племянных цялушак.
Першымі з 23 вяскоўцаў (і не толькі жыхароў Ганча-роўскага сельсавета, дзе размяшчаецца «ЛагуЦін») ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі сертыфікаты ад фермерскай гаспадаркі на набыццё на бясплатнай аснове племянных высока-ўдойных цялушак Зоя Багда-новіч, Людміла Куліцкая, Ірына Плескацэвіч, Валерый Кузняцоў, Генрых Свірэпа, Аляксандр Страковіч, Андрэй Бабко. Кожны з іх зага- дзя падаў заяву ў Ганчароўскі сельвыканкам.
Калі першыя гаспадары бясплатных цялушак крыху асцярожнічалі, то потым адбою ад жадаючых заняцца прыватнай гаспадаркай не было.
Пры заключэнні дагавораў на перадачу маладняку буйной рагатай жывёлы абавязкова абгаворвалася і дакументальна замацоўвалася надзвычай важная ўмова: першую народжаную ад падоранай каровы цялушку неабходна перадаць у іншае падвор’е на тых жа ўмовах, іншым словам – падарыць. Калі ж нараджаецца бычок, то ён застаецца ў гаспадарцы. Вось такая арыфметыка.
Потым уладальнікамі першынцаў ад «Доўгай каровы» сталі таксама гас-падары з Жарабковічаў, Зубелевічаў, Савеек, Таль-мінавічаў, Крывошына, Ліпска, Вострава, Залужжа, Альхоўцаў, Рагачоў, Гуты, Любеек, Літвы, Дарава і іншых населеных пунктаў Ляхавіцкага раёна – усяго больш за 40 чалавек.
– Гэты праект вельмі актуальны, ён дае імпульс не толькі стварэнню новых працоўных месцаў у выглядзе самазанятасці, але і спрыяе развіццю падсобнай гаспадаркі, якая была і застаецца адной з асноў вясковага дабрабыту, – перакананы старшыня Ганчароўскага сельвыканкама Уладзімір Плескацэвіч. І гэта не проста словы кіраўніка сельвыканкама. Уладзімір Станісла-вавіч разам з жонкай на ўласным прыкладзе паказвае: справа вартая. Плескацэвічы – адны з тых, чыё падвор’е некалькі гадоў назад папоўнілася племянной цялушкай з першага пакалення «Доўгай каровы».
– Красуня адразу прыжылася ў гаспадарцы, хоць гэта і была наша першая спроба завесці карову, раней трымалі толькі каня, курэй, свіней. Клапаціліся пра яе, даглядалі. У лістападзе яна прывяла цялушачку. Як і прапісана ў дагаворы, пера-далі яе новым гаспадарам, у Малое Гарадзішча. Спа-дзяёмся, у добрыя рукі, – расказвае Ірына Плескацэвіч.
Калі раздавалі першых цялушак, размаўлялі з жыхаркай Тальмінавічаў Людмілай Куліцкай, якая тады адзначыла, што яны з мужам – пенсіянеры, часу, сіл на гаспадарку хапае, так што павінны справіцца.
– Адназначна, справіліся. У снежні мінулага года наша Анюта нарадзіла цялушачку. Перадалі яе ў Малое Гарадзішча. Што ўзялі карову, не шкадуем, – дзеліцца Людміла Іванаўна.
Дарэчы, у падсобных гас-падарках жыхароў Ганча-роўскага сельсавета цяпер утрымліваецца 83 рагулі. Два гады назад было на 30 менш. Плюс стаў магчымы дзякуючы ў тым ліку і праекту «Доўгая карова». Напрыклад, на хутары каля Савеек сапраўдную міні-ферму развёў Андрэй Бабко, дарэчы, мнагадзетны бацька: з жонкай выхоўвае траіх дачушак. Адна з шасці кароў у яго гаспадарку трапіла з фермерскай гаспадаркі «ЛагуЦін».
– Высокаўдойная цялушка, бясспрэчна, нялішняя. Дзякуй за такі падарунак. Частку атрыманага малака прадаём, частку пакідаем для сям’і. Варым сыры, робім тварог, смятану і прадаём на рынку. Канешне, няпроста. Але калі не працаваць, наўрад ці чаго даб’ешся, – гаворыць Андрэй Бабко.
– Прыватная малочная справа патрабуе шмат сіл, цяжкасцей хапае: і кармы трэба нарыхтаваць, і сачыць за здароўем жывёлы. Але ж немалаважны і фінансавы бок. Высокаўдойныя рагулі са статка «Доўгай каровы» даюць да 40 літраў малака ў суткі. Калі яго прадаць, то можна за дзень зарабіць да 20 рублёў. Вось і лічыце, у чым выгада, – разважае Уладзімір Плескацэвіч.
Хто не баіцца працы і жадае стаць адным з удзельнікаў перспектыўнага праекта «Доўгая карова», можна і зараз звярнуцца з заявай у Ганчароўскі сельвыканкам. Тут чакаюць сапраўдных гаспадароў – ініцыятыўных, мэтанакіраваных і прадпрымальных.

Галіна КАНЬКО.