Пачуць кожнага

Не проста ўважліва выслухаць, хоць гэта таксама вельмі важны момант, а іменна пачуць кожнага, хто звярнуўся «наверх» з запытам. У выпадку абгрунтаванасці апошняга – праявіць настойлівасць і ініцыятыву, каб дапамагчы чалавеку справіцца з праблемай. Калі ж па нейкай з прычын (неадпаведнасць заканадаўству, напрыклад) падобнае не ўяўляецца магчымым, то і абяцанняў гучаць не павінна. Кароткім вобразным радком гэты пасыл мог бы мець наступны выгляд: улада сказала – улада зрабіла.

Прыведзеныя радкі «папрасіліся» ў якасці эпіграфа па факце апошняй апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама, на якой была разгледжана, прааналізавана і ацэнена мінулагодняя работа мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў улады са зваротамі грамадзян і па ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур у рамках Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2006 № 2.
Як адзначыла загадчыца сектара па рабоце са зваротамі грамадзян райвыканкама Наталля Гачко, у 2019 годзе ў райвыканкам паступіла 232 звароты грамадзян і юрасоб, што на 47 менш у параўнанні з аналагічнай леташняй лічбай. 90 зваротаў атрыманы ў пісьмовай форме, 112 былі вуснымі, а 30 прыйшло па «электронцы».
Тэматычная палітра паступіўшых зваротаў уяўляецца дастаткова разнастайнай. Але – без арыгінальнасці: як і годам раней, на вяршыні «папулярнасці» працягвалі заставацца пытанні адносна функцыянавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Абазначаная тэма так ці інакш закраналася ў 54 зваротах. 28 тычыліся тэмы землеўладкавання і землекарыстання, 14 – добраўпарадкавання, рамонту дарог, па 10 – работы аграпрамысловага комплексу і гандлю раёна, у васьмі выпадках закраналіся пытанні сацыяльнага і пенсійнага забеспячэння, шасці – працоўных адносін.
Як і годам раней, у Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2019 годзе ад жыхароў Ляхавіччыны паступіла 37 зваротаў. Але толькі два з іх былі перанакіраваны непасрэдна ў райвыканкам для разгляду па кампетэнцыі. Абодва – ад аднаго грамадзяніна і тычыліся жыллёвага пытання. Па выніках разгляду ўстаноўлена, што звароты з’яўляюцца неабгрунтаванымі, заяўніку накіраваны адказы тлумачальнага характару, канстатавала Наталля Гачко.
Яшчэ ў райвыканкам за справаздачны перыяд паступіла 150 даручэнняў з аблвыканкама адносна разгляду зваротаў, што паступілі туды. У 2018 годзе падобных выпадкаў значылася на 7 больш.
Як было заяўлена, асноўная праб-лема, з якой жыхары раёна звярта-юцца ў вышэйшыя інстанцыі, тычыцца пытанняў ЖКГ: рамонт, эксплуатацыя, утрыманне жыллёвага фонду, якасць прадастаўлення камунальных паслуг, добраўпарадкаванне і ўтрыманне населеных пунктаў. Прагучаў і наступны пасыл: нягледзячы на тое, што колькасць зваротаў у райвыканкам, даручэнняў па разглядзе зваротаў змяншаецца, якасць іх разгляду жадае быць лепшай.

Іван КАВАЛЕНКА.