Тэхнасяброўства. Эксклюзіўны і перспектыўны гурток «Робататэхніка» працуе ў Ляхавіцкім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі

Напэўна, кожнае дзіця любіць гуляць у канструктар. Некаторыя і наогул гадзінамі гатовы падбіраць дэталі, прадумваць знешні выгляд будучага самалёта або машыны. А ўявіце, што сканструяваная мадэль з дапамогай аднаго кліка камп’ютарнай мышкі можа ездзіць па зададзенай траекторыі, свяціць фарамі і нават выдаваць гукі… Усё гэта ўвасабляюць у жыццё рабяты з гуртка «Робататэхніка», што працуе ў Ляхавіцкім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Зацікаўленыя вочкі не адразу звяртаюць увагу на карэспандэнта і фатографа: хлопчыкі і дзяўчынкі нешта старанна майструюць, злучаюць, прыдумляюць. Юныя «вынаходнікі» цалкам захоплены працэсам.

Гурток «Робататэхніка» з’явіўся ў ЦДАДіМ летась. За сродкі раённага бюджэту (амаль 12 тысяч рублёў) закуплена спецыяльнае абсталяванне (канструктар і камп’ютары), а выкладчыкі Аляксандр Стэцко і Вольга Дыдышка прайшлі падрыхтоўку ў сталіцы.

Зараз у гуртку займаецца дзве групы па 15 чалавек. Двухгадзінныя заняткі, прызнаюцца рабяты, пралятаюць незаўважна.

Робатаў збіраюць з канструктара, а пасля з дапамогай спецыяльнай праграмы на камп’ютары даюць розныя заданні: ехаць, падымаць груз, аб’язджаць перашкоды.

У пацвярджэнне рабяты дэманструюць робатаў: адзін – у выглядзе кола аглядання – можа мяняць напрамкі руху адным толькі клікам мышкі, другі можа маляваць фігуры на аркушы паперы, трэці – пасля пэўных дзеянняў выдае гукі.

Па словах Аляксандра Стэцко, робататэхніка гэта не толькі цікавы, але і вельмі карысны занятак: пры зборы мадэлі развіваецца дробная маторыка рук. Трэба прымяніць законы фізікі, у прыватнасці механікі, што, несумненна, спатрэбіцца пры вывучэнні прадмета. Да таго ж, у рабят развіваецца лагічнае мысленне, калі яны шукаюць варыянты падключэння датчыкаў, каб задумка «ажыла».

Нягледзячы на юны ўзрост, хлопчыкі і дзяўчынкі вельмі ўзважана падыхо-дзяць да выбару будучай прафесіі: многія тутэйшыя гурткоўцы хочуць звязаць жыццё з праграмаваннем або інжынерыяй.

Дарэчы, навыкі робата-тэхнікі паспяхова можна выкарыстоўваць у розных сферах: распрацоўка праграм для пагрузчыкаў, у сельскай гаспадарцы і нават у зборцы касмічных модуляў. Так што маленькае кола аглядання з канструктара ў будучыні можа вырасці ў цалкам рэальны касмічны карабель.


Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.