Экстренные службы Ляховичского района в новогодние дни работали в обычном режиме

Для пераважнай большасці ляхавічан мінулы тыдзень і пачатак гэтага прайшлі ў прыемных клопатах. Але некаторыя нашы землякі сустрэлі Новы 2013 год не за святочным сталом, а на працоўных месцах. «ЛВ» пацікавіўся, як прайшлі гэтыя дні ў тых, хто забяспечваў спакой і бяспеку падчас навагодніх святаў.
Як запэўнілі ў раёне электрасетак, газавай і камунальнай службах, для іх апошні дзень 2012 і пачатак 2013 года былі спакойнымі, ні здарэнняў, ні аварыйных выклікаў не зарэгістравана. Лічаныя сігналы паступілі на пульт адзінай дзяжурна-дыспетчарскай службы 101. Пажар адбыўся толькі ў першы дзень года: раніцай загарэўся нежылы дом у вёсцы Навасёлкі Свяціцкага сельсавета. Прычыны здарэння высвятляюцца.
25 выклікаў было прынята 31 снежня па тэлефоне хуткай дапамогі, 1 студзеня — ужо 30, 2 студзеня — 42. Часцей за ўсё медыцынская дапамога патрабавалася людзям з хранічнымі хваробамі, пасля застолляў традыцыйна пачасціліся выпадкі захворванняў страўнікава-кішачнага тракта. Хуткую выклікалі гіпертонікам, тым, хто падхапіў вірусную інфекцыю. Не абышлося і без траўм, у прыватнасці, пераломаў рук і ног, атрыманых, у тым ліку, і ў стане алкагольнага ап’янення. Медыкі выязджалі дамоў і да тых, хто выпіў лішак спіртнога.
Службу ва ўзмоцненым рэжыме ў святочныя дні неслі супрацоўнікі міліцыі, у тым ліку АДАІ. Апошні дзень 2012 года азмрочаны дарожна-транспартным здарэннем з трагічным фіналам. Як расказаў начальнік АДАІ Юрый Малевіч, каля 11 гадзін на 17-м кіламетры аўтадарогі Баранавічы-Ляхавічы вадзіцель аўтамабіля «Пежо» не справіўся з кіраваннем, выехаў на паласу сустрэчнага руху і дапусціў сутыкненне з аўтамабілем «Фальксваген», што рухаўся насустрач… 20-гадовая пасажырка «Пежо» ад атрыманых траўм памерла на месцы, вадзіцель аўтамабіля і 2 чалавекі, якія ехалі ў другой іншамарцы, з траўмамі шпіталізаваны ў Ляхавіцкую ЦРБ. Праводзіцца праверка. Следчым камітэтам узбуджана крымінальная справа.
Нічога лепшага, як звесці рахункі з жыццём у першы дзень 2013 года, не прыдумаў жыхар Куршынавіч, які ў стане алкагольнага ап’янення здзейсніў спробу суіцыду. Цяпер ён лечыцца ў райбальніцы.
1 студзеня ў РАУС дастаўлены 3 сямейныя скандалісты (2 студзеня —2) і гора-вадзіцель, які кіраваў транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення.
А яшчэ ў святочныя навагоднія дні над горадам і днём і ноччу грамыхала піратэхніка.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *