Тэрыторыя ўнутранай свабоды. У Міжнародны дзень роднай мовы Ляхавічы наведала вядомая беларуская пісьменніца Людміла Рублеўская

БОЛЬШ ФОТА Ў ФОТАРЭПАРТАЖЫ

Адкрываю «СБ» і шукаю аўтарскую калонку Людмілы Рублеўскай. Штораз яна адпраўляе чытачоў у падарожжа па кніжнай краіне, навінкі прэзентуе ярка, ёмка раскрывае характар персанажаў. Агляд кніг ад Людмілы Іванаўны – асобны твор. Анонс яна робіць такім «смачным», што хочацца хутчэй «пакаштаваць» кнігу. Віртуозна расказваць пра чужое выданне са шчырым інтарэсам і жаданнем прыцягнуць да яго чытача – вялікае майстэрства.
Навіна, што вядомая паэтэса, празаік, драматург, літаратурны крытык, журналіст, уладальніца многіх літаратурных прэмій Людміла Рублеўская правядзе ў ляхавіцкай купалаўцы творчую сустрэчу, узрушыла. Знакамітасць у Ляхавічы, дарэчы, запрасілі гімназісты, але пра ўсё па парадку.

Ваш горад для мяне не чужы

У Міжнародны дзень роднай мовы, што адзначаецца 21 лютага, у цэнтральнай раённай бібліятэцы гучала беларуская мова. Гледачоў –
поўная зала.
– Ваш горад для мяне не чужы, – Людміла Рублеўская да прысутных звярнулася як да добра знаёмых людзей. – Маім даўнім суаўтарам быў ваш зямляк Віталь Скалабан – вялікі гісторык, архівіст, які навучыў мяне працаваць з дакументамі, шмат расказваў мне, у тым ліку, пра гісторыю Ляхавічаў, якія вельмі любіў, – прызналася Людміла Іванаўна.
Людміла Рублеўская – суразмоўца неардынарны. Аўтар больш як чатырох дзясяткаў кніг умее знайсці хвалю, цікавую ўсім. І робіць гэта шчыра, цёпла і без дыстанцыі.

Не толькі проза

– Не памятаю, калі навучылася пісаць. Паколькі сама яшчэ не запісвала – мама за мной запісвала… Адкрыла для сябе кнігі беларускіх класікаў Уладзіміра Караткевіча і Максіма Багдановіча. Мову я вучыла, можна сказаць, самастойна, па кнігах, – расказвае Людміла Іванаўна.
А сёння цяжка пералічыць усе часопісы, зборнікі, што-тыднёвікі, літаратурныя выданні, дзе былі надрукаваны яе творы. Яны перакладзены на дзясяткі моў свету. У прозе важнае месца займаюць элементы фантастыкі і казкі. Людміла Рублеўская любіць уключаць у творы рэальныя факты са сваёй біяграфіі. Але «апранае» іх у тэкст так, каб ніхто не здагадаўся, дзе выдумка, а дзе праўда.

«Авантуры Пранціша Вырвіча» на экранах

У літаратурнай спадчыне – і гістарычныя раманы. Напрыклад, у «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега» падзеі разгортва-
юцца ў XVIII стагоддзі. Збеглы шкаляр Менскага езуіцкага калегіума Пранціша Вырвіча і доктар з Полацка Баўтрамей Лёднік сутыкаюцца з не менш захапляльнымі падзеямі, чым французскія мушкецёры ці рускія гардэмарыны.
– Спачатку задумвалася невялічкая аповесць для падлеткаў. Паміж двума раманамі цяжкімі і вялікімі – «Сутарэнні Ромула» і «Забіць нягодніка…» – захацела стварыць нешта забаўляльна-прыгодніцкае. Але з героямі развітацца не змагла. Пакуль твор рыхтавалі да друку, напісала другую кнігу. Калі выйшла ў свет першая, у мяне ўжо былі тры. Так напісала чацвёрты раман, з’явіўся і пяты. Яны – частка майго жыцця, – расказвае аўтар.
Пісьменніца падзялілася з ляхавіцкімі чытачамі навіной пра тое, што «Беларусь-фільм» па матывах першай кнігі-хронікі зняў фільм «Авантуры Пранціша Вырвіча», на экранах ён з’явіцца з 19 сакавіка. Падарунак гасцям сустрэчы – прэзентацыя яго трэйлера. Рэжысёр карціны Аляксандр Анісімаў гледачам вядомы па філь-мах «Сляды на вадзе», «Пракляты ўтульны дом» і іншых, сцэнарыст Валянцін Залужны да тэксту экранізацыі падышлі вельмі беражліва.
Людміла Рублеўская яшчэ і дзіцячы пісьменнік. Казачная аповесць «Прыгоды мышкі Пік-Пік», што прыдумвалася для сваіх дачкі і сына, палюбілася многім рабятам.

Код захаванасці – мова

Якую б тэму ні ўзнімала пісьменніца падчас творчай сустрэчы, увесь час вярталася да думкі, што родная гісторыя, родная мова валодаюць дарам прыцягнення. Гэта компас, магніт для чалавека, па-за гэтымі каардынатамі ён не адчувае сябе поўнасцю шчаслівым.
Спадабаўся адказ паэтэсы на пытанне, што для яе вершы. Падкрэсліла, што дзеля напісання прозы можна развіць здольнасці. А паэзіі навучыцца немагчыма – гэта лад думкі, спосаб успрымання свету. Для паэзіі неабходна тэрыторыя ўнутранай свабоды.
– Не лічу, што мне ўсе абавязаны за тое, што напісала. Я пішу, найперш таму, што не магу не пісаць. Пішу для сябе. Тое, што мне цікава, тое, што сама б хацела пачытаць. Ствараю свет, у якім бы мне хацелася жыць. Радуе, калі камусьці гэта таксама цікава, калі мае героі сталі для кагосьці роднымі, – адзначае Людміла Іванаўна.
Сустрэча завяршылася на ўзнёсла-натхняльнай ноце. Людмілу Рублеўскую чакалі вучні і настаўнікі гімназіі. Як расказала намеснік дырэктара ўстановы адукацыі Святлана Ермаковіч, літаратурная гасцёўня ў Міжнародны дзень роднай мовы зноў расчыніла дзверы. Гімназісты чыталі балады, вытрымкі з прозы Людмілы Рублеўскай, якая дзялілася творчымі планамі.
…«Крокі па старых лесвіцах», «Карона на дне віра, альбо Казкі з хутара Юстыны», «Старасвецкія міфы горада «Б», «Сэрца мармуровага анёла», «Пярсцёнак апошняга імператара», «Дагератып» і многія іншыя кнігі Людмілы Рублеўскай абавязкова перачытаю і раю іншым пазнаёміцца з творчасцю беларускай пісьменніцы – пазнавальна і душы прыемна.

Сустрэча з пісьменніцай – свята двайное, таму што дае магчымасць патрымаць у руках аўтарскую кнігу, пагартаць яе старонкі і ўпрыгожыць аўтографам. Такую магчымасць у купалаўцы чытачам прадаставіў Выдавецкі дом «Звязда», які арганізаваў прэзентацыю кніг Людмілы Рублеўскай.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.