Разабрацца з хваробай па-мужчынску. На пытанні карэспандэнта «ЛВ» адказаў урач-уролаг Ляхавіцкай ЦРБ Руслан Партус

Прынята лічыць, што ўролаг – урач, які спецыялізуецца выключна на захворваннях моцнага полу. Аднак, гэта не зусім так. Урачы гэтага профілю стаяць на варце мужчынскага і жаночага здароўя.

Што можа справакаваць утварэнне камянёў у арганізме, як часта трэба наведваць уролага і чым небяспечна недастатковае ўжыванне вады? На гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнту «ЛВ» адказаў урач-уролаг Ляхавіцкай ЦРБ Руслан ПАРТУС.

– Руслан Уладзіміравіч, раскажыце, чым займаецца ўрач-уролаг?

– Уролагі займаюцца дыягностыкай, лячэннем і прафілактыкай захворванняў мочапалавой сістэмы у мужчын, і мачавой у жанчын.

– Якія сімптомы сігналізуюць пра неабходнасць наведвання спецыяліста вашага профілю?

– Адзін з трывожных сіг-налаў, які павінен насцярожыць, – боль і пякота пры мочаспусканні. Гэтыя ж сімптомы з’яўляюцца прыкметай іншых хвароб, напрыклад, палавых інфекцый. Не нармальна, калі з’явіліся пачашчанае мочаспусканне і начныя позывы.

Яшчэ адзін сімптом – болі ў вобласці малога таза. Варта насцярожыцца, калі баліць паясніца, з’явіліся стомленасць і пачуццё разбітасці.
Многія пацыенты па розных, часта псіхалагічных прычынах, не спяшаюцца звяртацца да спецыяліста-ўролага. Маўляў, пра такія захворванні не прынята казаць услых. Але трэба памятаць, што своечасовая кансультацыя ўрача дапаможа пазбегнуць далейшага развіцця хваробы і дарагога лячэння.

– З якімі праблемамі да ўролага звяртаюцца жанчыны?

– З мочакаменнай хваробай, запаленчымі працэсамі мачавога пузыра – цыстытам. Асноўныя яго сімптомы – пачашчанае мочаспусканне, боль і спазмы ўнізе жывата. «Сезон» захворвання пачынаецца ранняй вясной, калі сонца яшчэ вельмі падманлівае, а дзяўчаты спяшаюцца апрануць туфлікі, тонкія калготкі і кароткія спадніцы.

– Як часта трэба праходзіць абследаванне?

– Калі вас нічога не турбуе, дастаткова прыходзіць на прафілактычны агляд раз у год. У залежнасці ад узросту і дыягназу, прыходзіць на прыём трэба і раз у паўгода, і раз у тры месяцы. Усё па прызначэнні ўрача.

– На некаторых інтэрнэт-рэсурсах можна знайсці парады, як хутка скінуць вагу з дапамогай мачагонных прэпаратаў. А што думае на гэты конт урач?

– Прыём мачагонных прэпаратаў падыходзіць для арганізма, які патрабуе вывядзення лішняй вадкасці. Але рабіць гэта трэба толькі пад строгім кантролем спецыяліста. А вось худзець такім спосабам катэгарычна забаронена. Вы прымушаеце свае ныркі працаваць «на знос». А яшчэ з арганізма з мачой выводзіцца шмат карысных рэчываў, солей і г. д.

– Напэўна, кожны ад сваіх бацькоў чуў фразу: «Не сядзі на халодным!». Якія ад гэтага могуць быць наступствы?

– Усё правільна раяць бацькі! Каб пераахаладзіць тазавыя органы, часам досыць прамачыць ногі – гэта можа стаць штуршком да ўз-нікнення запаленчых працэсаў у арганізме. Пры пераахаладжэнні зніжаецца імунітэт, што дае магчымасць мікраарганізмам размножыцца.

– Што такое мочакаменная хвароба? Хто схільны да гэтага захворвання?

– Узнікненне камянёў мае некалькі прычын: прыро-джаная паталогія, недахоп ці лішак вітамінаў, захворванні нырак і мочавыводзячых
шляхоў, генетычная схіль-насць. З’яўленне камянёў правакуецца і парушэннем абмену рэчываў. Справакаваць іх утварэнне могуць розныя прадукты, напрыклад, кураціна, шпінат, кава і г. д. Дакладна высветліць, з-за чаго з’явілася хвароба, можна толькі пасля даследаванняў.

Ваганні pH мачы ў больш кіслотнае або шчолачнае асяроддзе можа справакаваць утварэнне камянёў.

Вылучыць нейкі ўзроставы дыяпазон схільных да мочакаменнай хваробы складана, бо захворванне можна сустрэць нават у немаўлят.

– Парайце нашым чытачам, як захаваць сваё здароўе да старасці?

– У першую чаргу, не саромейцеся нават з самай далікатнай праблемай звярнуцца да ўрача. Не толькі да ўролага, а да любога іншага спецыяліста. Не займайцеся самалячэннем. Піце больш вады, трымайце ногі ў цяпле, ешце больш агародніны і фруктаў, займайцеся спортам. Вось такі няхітры рэцэпт здароўя.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе мужчынам наведваць кабінет вузкапрофільных спецыялістаў раз у год. Асабліва гэта важна для мужчын старэйшых за 40 гадоў.
Гэта мера дапаможа пазбегнуць такіх сур’ёзных захворванняў як прастатыт, бясплоднасць, рак прастаты.
Штогадовыя абследаванні і неабходныя аналізы дапамогуць сачыць за здароўем. Адзін з такіх – аналіз крыві на ПСА – выяўленне ў крыві мужчыны спецыяльнага рэчыва, якое выпрацоўваецца клеткамі прастаты. Здаць такі аналіз можна і ў райбальніцы.

Гутарыла Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота аўтара.