Ляховичи:весна среди зимы

Алена Макрэцкая, Таццяна Паўлава, Марыя Арэшка ў сваіх кветкавых клопатах.

На календары студзень. Але і падчас халадоў і снегападаў можна знайсці астравок, дзе па-сапраўднаму пахне вясной. Дастаткова толькі зазірнуць у цяпліцы камунгаса. На 70 квадратных метрах — гарачыня яшчэ тая. Ва ўсю кіпіць работа, канчатковы вынік якой мы, гараджане, разам з гасцямі Ляхавіч будзем бачыць, пачынаючы з ранняй вясны і да позняй восені, на вуліцах райцэнтра. А пакуль шчыруюць у цяпліцах рабочыя ўчастка зялёнага будаўніцтва КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Таццяна Паўлава і Марыя Арэшка пад кіраўніцтвам майстра Алены Макрэцкай. Зараз рыхтуецца глеба да высадкі кветкавай расады: зямля ўзбагачаецца разнастайнымі вітаміннымі дабаўкамі, спецыяльнымі прэпаратамі для барацьбы са шкоднікамі, пэўныя ўчасткі нават прапарваюцца.
Яшчэ тыдзень-другі і пачнецца сяўба насення бегоніі, далей на чарзе — петуніі, сальвіі, астры, ільвіны зеў — 8 відаў ранніх кветак. Потым справа дойдзе і да мнагалетнікаў. Як адзначыла Алена Макрэцкая, летась у цяпліцах было вырашчана, а потым высаджана на клумбах і альпійскіх горках горада 15 відаў кветак. Шмат новага ў фларыстычным аздабленні ўбачым мы і сёлета. Чым парадуюць камунгасаўцы, пакуль трымаецца ў сакрэце. Адно вядома — кветак будзе яшчэ больш!
Сёння ж у цяпліцах лашчаць вока дамашнія кветкі і паўднёвыя госці — кактусы, лімоннае дрэва, якое, дарэчы, радуе цяплічных работнікаў духмянымі пладамі.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *