Спяваем па-сучаснаму. Ляхавічанкі на Міжнародным конкурсе сучаснай творчасці дзяцей і моладзі “Zaviruha.by» заваявалі дыпломы I ступені

Зноў прозвішчы ляхавіцкіх зорачак гучаць на вакальных конкурсах. Навучэнкі СШ №1 Ульяна Крук і Лізавета Біліновіч выступаюць не толькі на школьнай сцэне. Песенных адзнак у іх скарбонцы нямала. II Міжнародны конкурс сучаснай творчасці дзяцей і моладзі “Zaviruha.by”, які прайшоў напрыканцы лютага ў сталіцы, прынёс новыя. Ульяна (ва ўзроставай катэгорыі 11-13 гадоў за песню “Музыка любви”) і Лізавета (14-16 гадоў, песня – “Родники”) у намінацыі “эстрадны вакал (сола)” удастоены дыпломаў I ступені.
Паспяхова дэбютавала на конкурсе пачынаючых выканаўцаў з песняй “Заўтра” Паліна Шалік – у яе прыз сімпатыі журы сярод 5-7-гадовых рабят.
Дзяўчынкі, дарэчы, займаюцца ў СШ №1 у гуртку эстрадных спеваў пад кіраўніцтвам педагога Аляксандра Сокала, які ўзнагароджаны падзячным пісьмом арганізатараў за выхаванне ў падрастаючага пакалення любві да творчасці.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.