Хто куды, а мы ў «Зубраня». У 2019 годзе ў «Зубраняці» аздаравіліся 45 хлопчыкаў і дзяўчынак з нашага раёна

Ужо не першы год актыўныя, пазітыўныя, крэатыўныя рабяты Ляхавіччыны атрымліваюць магчымасць адпачыць у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня».

У 2019 годзе ў «Зубраняці» аздаравіліся 45 хлопчыкаў і дзяўчынак з нашага раёна. Усе яны прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, удзельнічаюць у алімпіядным руху і конкурсах абласнога і рэспубліканскага ўзроўню.

У 2020 годзе пабываць у лагеры паспелі дзевяць чалавек: навучэнцы гімназіі, школ № 1 і № 2, Конькаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу.

26 лютага дзверы ў лагеры расчыніў «Адкрыты свет». Гэта змена для навучэнцаў сёмых і восьмых класаў, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у вучэбнай і грамадскай рабоце, з’яўляюцца актывістамі валанцёрскага руху ў рамках інклюзіўнай адукацыі, актывістамі адукацыйных праграм ЮНІСЕФ.

Адна з тых, каму пашчасціла патрапіць на гэтую змену, – навучэнка школы № 2 Арына Харке.

– Я прыехала ў «Зубраня» ў першы дзень змены. Адразу пазнаёмілася з усімі рабятамі, якіх, дарэчы, у атрадзе 26. У нас насычанае і цікавае жыццё. За пяць дзён, што мы тут, прайшло шмат мерапрыемстваў: прэзентацыя атрада, адкрыццё змены, музычны вечар… Кожны дзень у нас арганізуецца вячэрні агеньчык: мы ўсім дзякуем за мінулы дзень, выбіраем дзяжурных па пакоях, спяваем песні і слухаем цікавыя расказы нашых любімых важатых. У лагеры мне вельмі падабаецца, спадзяюся, сюды змогуць трапіць і атрымаць асалоду ад «зубрацкіх» будняў многія мае землякі, – дзеліцца ўражаннямі Арына.

Па дамах рабяты раз’едуцца 17 сакавіка, а пакуль – самы час для новых знаёмстваў і вясёлага правядзення часу.

Ірына КУЗЬМІЧ.