Позвонили ляховичане на «Горячую линию «ЛВ»

Са святлом.У рэдакцыю звярнуліся жыхары Заполля, якія паскардзіліся на адсутнасць вулічнага асвятлення. «ЛВ» накіраваў скаргу для разгляду і рэагавання ў раён электрасетак і Востраўскі сельвыканкам. Як паведаміў старшыня Востраўскага сельвыканкама Уладзімір Тадра, пісьмо ў РЭС аб неабходнасці рамонту было накіравана яшчэ 6 снежня, а пасля звароту газеты — паўторнае пісьмо-патрабаванне. 18 снежня работа вулічнага асвятлення ў Заполлі была адноўлена.

… і  з цяплом

Праблемай, што хвалявала многіх тухавічан, падзялілася з раёнкай жыхарка гэтай вёскі Таццяна Палуян. Яна расказала, што ў аддзяленні паштовай сувязі гэтымі зімовымі днямі раптам перастала працаваць ацяпленне. Мерзнуць мясцовыя работнікі і наведвальнікі, нават «адмаўляецца» працаваць камп’ютар, што і наогул робіць немагчымым абслугоўванне кліентаў.
Сітуацыю пракаментавала начальнік раённага вузла паштовай сувязі Вольга Арэхва. Яна паведаміла, што аддзяленне паштовай сувязі «Тухавічы» размяшчаецца ў будынку дзіцячага сада, які знаходзіцца на балансе аддзела адукацыі. 14 снежня начальнік аддзялення паведаміла пра адсутнасць ацяплення. У той жа дзень брыгада сантэхнікаў аддзела адукацыі распаветрыла сістэму ацяплення. Аднак, 18 снежня сітуацыя з адсутнасцю ацяплення паўтарылася. Як аказалася, патрабуе замены паліўная помпа. «20 снежня ў 14.40 усе няспраўнасці былі ўхілены. Цяпер тэмпература ў аддзяленні паштовай сувязі адпавядае гігіенічным патрабаванням да мікраклімату вытворчых памяшканняў», — праінфармавала Вольга Арэхва.
Прагрэс, а не перашкода
Жыхара вёскі Вялікая Лотва Эдуарда Станкевіча непакоіла праблема іншага кшталту. У снежні тутэйшым тэлефонным абанентам мянялі нумары тэлефонаў у сувязі з пераходам на новую сістэму падключэння. «Цяпер работа тэлефона залежыць ад электрасеткі, што вельмі нязручна. А раптам прападзе электрычнасць, як тады патэлефанаваць, напрыклад, у хуткую дапамогу? А электрычнасць прападае вельмі часта…» — хваляваўся Эдуард Георгіевіч.
Якраз 26 снежня ў рэдакцыю патэлефанавалі з Вялікай Лотвы — электрычнасці не было… «ЛВ» звярнуўся да начальніка раённага вузла электрасувязі Анатолія Лукашэвіча з просьбай патлумачыць сітуацыю. Ён расказаў, што змена нумароў абанентаў вёскі Вялікая Лотва звязана з укараненнем сучаснай сістэмы падключэння IMS: «Новая тэхналогія ўкараняецца для таго, каб зменшыць працягласць тэлефонных ліній і, адпаведна, — магчымасць пашкоджанняў на іх. Акрамя таго, у абанентаў з’яўляецца магчымасць карыстацца дадатковымі паслугамі. Сёння па гэтай тэхналогіі ў раёне падключаны больш за 900 абанентаў, і колькасць будзе павялічвацца. Што датычыць пытання пра залежнасць ад электрычнасці, то і наша абсталяванне залежыць ад сеткі. На новай лініі будзе менш парываў. Дарэчы, у нас кантрольны тэрмін ухілення пашкоджанняў на лініі ў сельскай мясцовасці 72 гадзіны, у энергетыкаў у 3 разы меншы. Так што дадатковых нязручнасцяў абанентам мадэрнізацыя не прынясе». Як расказаў начальнік РЭС Леанід Зелянеўскі, за мінулы месяц у вёсцы Вялікая Лотва зарэгістраваны 3 аварыйныя адключэнні электраэнергіі (на розных участках). «Апошняе, што адбылося ў ноч з 25 на 26 снежня, здарылася з-за зацякання вады ў прабой ізаляцыі на трансфарматары. 26 снежня ў 10.35 электраэнергія была ўключана. З рамонтам мы не цягнем. Усе званкі-выклікі запісваюцца, запісы захоўваюцца. Іх у любы час можна праверыць. Дыспетчарскія журналы падлягаюць строгаму ўліку. Усе аварыйныя адключэнні былі ліквідаваны ў тэрмін.»

Гутарыла Святлана БЕЛЬМАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *