Жанчына можа ўсё! 8 Сакавіка — Міжнародны жаночы дзень. Віншуем самых прыгожых, таленавітых, абаяльных, незаменных

Яны будуюць, плануюць, кантралююць, паспяхова вядуць бізнес, выхоўваюць дзетак, ствараюць утульнасць дома. Жанчыны могуць усё. І нашы неверагодныя зямлячкі гэта пацвярджаюць.

Люблю ўзаемна

Больш за чатыры дзесяцігоддзі доўжыцца раман Галіны Рамейка з Ляхавіччынай. Дваццацігадовай дзяўчынай прыехала працаваць на вінзавод, які адкрыўся ў вёсцы Нача. Так і засталася тут. Пайшла замуж, уся працоўная біяграфія звязана таксама з гэтымі мясцінамі. Доўгі час працавала тэхнолагам, потым начальнікам воцатнага цэха, год узначальвала РСУП «Нача» і ўжо дзесяць – з’яўляецца намеснікам дырэктара ДП «Нача».
– Так, у сельскай гаспадарцы працаваць няпроста. Але ніякія цяжкасці не пераважаць, калі бачыш вынік сваіх намаганняў. Люблю справу, якой займаюся. Даражу калектывам, дзе працую, – дзеліцца Галіна Мікалаеўна.
Яна, не спыняючыся, можа расказваць пра тутэйшую адметнасць – Начаўскі парк і сядзібу Чарноцкіх. Як і пра тое, што сельгаспрадпрыемства стараецца падтрымліваць аб’ект у належным стане, займаецца яго добраўпарадкаваннем.
Ёсць у Галіны Рамейка занятак для душы: вельмі захапляецца кветкамі. Яе двор з вясны да позняй восені патанае ў рознакаляровым дыване. Самыя любімыя – ружы і лілеі. А яшчэ яна заўзяты падарожнік, аб’ездзіла не толькі родную Беларусь, але пабывала ў іншых краінах – Грузіі, Турцыі, Егіпце, Чэхіі, Украіне і інш. На пытанне, адкуль сілы бяруцца і энергія, Галіна Рамейка, не задумваючыся, адказвае:
– У мяне цудоўная сям’я. Галоўная надзея і падтрымка – муж Іван, у згодзе і ладзе пражылі 41 год, ён сапраўды мая другая палавінка. А яшчэ ў нас цудоўныя дачка і ўнучка – вельмі іх любім.

Жыць трэба цікава

Не толькі мужчыны могуць паспяхова будаваць уласны бізнес – прыгожая палова даўно не саступае ім. Больш таго, часта ўмела гаспадарыць у не зусім жаночых сферах.
Ляхавічанка Алена Дуганава па сваёй мэтанакіраванасці, працаздольнасці і рашучасці дакажа нават вопытнаму бізнесмену – паспяхова займаецца рознічным і аптовым гандлем будаўнічымі матэрыяламі. У яе магазіне маецца поўны камплект для таго, каб пабудаваць дом і ўнутры з дапамогай лака-фарбавага пакрыцця аздобіць яго.
Вельмі дарэчы ў індывідуальным прадпрымальніцтве, стаж якога амаль дзесяцігоддзе, прафесія эканаміста. Спецыяльныя веды і ўменні дапамагаюць і тады, калі неабходна прыняць адзіна правільнае рашэнне ці ўзяць адказнасць на сябе.
Зараз Алена атрымлівае адукацыю практычнага псіхолага і не замыкаецца ў асабістай прасторы. Займаецца конным спортам і захапляецца горнымі лыжамі, шмат падарожнічае. Наша бізнес-вуман яшчэ і вадзіцель вопытны – без адзнак аб парушэнні ПДР. Трэнажорны зал, фітнес – для Алены гэта лад жыцця. Лічыць, што кожная прадстаўніца прыгожай паловы павінна быць цікавай не толькі знешне, але і ўнутрана. Любіць тэатр і на пастаноўку «Барыса Гадунова» ездзіла нават у Маскву.
Сын Раман вучыцца ў БНТУ на інжынера-эканаміста, паважае маміны інтарэсы і яшчэ можа падкінуць ідэю, напрыклад, якім бонусам зацікавіць аптовага пакупніка.
Што можа жанчына? Усё, упэўнена індывідуальны прадпрымальнік Алена Дуганава.

Ледзі-бос

Летась падчас святкавання Дня Рэспублікі пад апладысменты землякоў пасведчанне ўладальніка ганаровага звання «Чалавек года Ляхавіччыны» ў намінацыі «архітэктура, будаўніцтва, жыллёва-камунальная і дарожная гаспадарка, транспарт і сувязь» уручана начальніку КУПВ АПП «Ляхавіцкая архітэктура» Наталлі Несцяровіч.
Дастойная ўзнагарода – кампетэнтнаму кіраўніку, таленавітаму прафесіяналу, шчыраму чалавеку і прывабнай жанчыне.
Цяжка падлічыць, колькі праектаў (на будаўніцтва, рэканструкцыю і капітальны рамонт адміністрацыйных будынкаў, шматкватэрнікаў і кварталаў (індывідуальнай забудовы) за свае амаль чатыры дзесяцігоддзі ў прафесіі стварыла Наталля Мікалаеўна. І ў кожны ўкладвала не толькі веды, пажаданні кліентаў, але душу, і свой жаночы стыльны погляд.
– Важна творча падыходзіць да любога праекта: ці сельскагаспадарчы аб’ект, ці прыватны дом. Яшчэ неабходна адчуваць прыгожае, умець бачыць гармонію. А самае галоўнае, любіць справу, якой займаешся, разумець, што другарадных праектаў не бывае, – сцвярджае Наталля Несцяровіч і дадае, што марыць стварыць праект басейна ў Ляхавічах, якія даўно сталі роднымі.
Наталля Мікалаеўна – прыклад сучаснага кіраўніка, прайшла працоўны шлях ад тэхніка-будаўніка да начальніка Ляхавіцкай архітэктуры. Яна ўмее спалучаць строгую патрабавальнасць з выключна жаночай шчырасцю і пяшчотай. Наталля Несцяровіч рэалізавала сябе ў прафесіі, а дома яна шчаслівая жонка, мама і бабуля.

З пажаданнямі здароўя

– Бачыць душой, чуць сэрцам, разумець з паўслова і абавязкова любіць – лічу гэта важным для кожнай жанчыны, – расказвае наша зямлячка загадчык клініка-дыягнастычнай лабараторыі ЦРБ Таццяна Свінабурка. Пра сябе гаворыць проста – шчаслівая жанчына. Рэалізавала сябе ў прафесіі, якую выбрала яшчэ школьніцай, лічыць медыцыну прызваннем, справай, якая заўжды будзе захапляць.
– Пераважную большасць інфармацыі пра стан здароўя чалавека можна атрымаць пасля лабараторнага даследавання аналізаў. Мы, работнікі клініка-дыягнастычнай лабараторыі, дапамагаем урачу паставіць дыягназ, падабраць прэпараты для лячэння і кантраляваць яго ход, а, значыць, знаходзіць правільны шлях для выздараўлення пацыента, – расказвае пра спецыфіку работы Таццяна. У медыцыне яна амаль чвэрць стагоддзя, трэці год узначальвае гэта падраздзяленне райбальніцы.
– У нас дружны і прыгожы калектыў – жаночы. Так падбадзёрыць, падтрымаць і калег па працы, і пацыентаў могуць толькі прадстаўніцы прыгожай паловы. Яны валодаюць сакрэтнай і магутнай зброяй-пяшчотай, спагадай і добрым словам, – упэўнена Таццяна Свінабурка.
У яе лёсе тры галоўныя мужчыны – муж і два сыны. І, канешне, абавязковым падарункам любімай маме і жонцы будуць кветкі.

Балець за сыноў – гэта нармальна

Што адчувае маці, калі яе сын выступае на спаборніцтвах? А калі яшчэ змагаецца ў сілавых відах спорту? Хваляванне перамешваецца з гонарам, баліць душа і замірае сэрца…
Гэтыя пачуцці добра знаёмыя ляхавічанцы Ірыне Цярпіцкай. Яе сын Уладзіслаў – майстар спорту міжнароднага класа па дзюдо, майстар спорту па самба, уладальнік шматлікіх чэмпіёнскіх тытулаў рознага ўзроўню. Спартыўныя заслугі Улада – гонар бацькоў і брата Антона. Ён, дарэчы, таксама сябруе са спортам і займаўся ў свой час дзюдо.
Ірына Францаўна – маці шчаслівая. Вырасціла разам з мужам Іванам сыноў дастойных, абодва атрымалі вышэйшую адукацыю, займаюцца любімай справай і ведаюць, што дома іх чакаюць бацькі.
Эмацыянальна Ірына Цярпіцкая ўся ў спорце. Ведае расклад гульняў, збораў, пералётаў і трэніровак, яна галоўны балельшчык сына.
– Як кожная маці, хвалююся за ўдачу і поспех Улада і Антона, але галоўнае для мяне, каб яны былі здаровыя.
Акрамя заслужанага статуса цудоўнай маці, наша зямлячка яшчэ і вопытная медсястра хірургічнага аддзялення райбальніцы. Яе працоўны стаж складае амаль чатыры дзесяцігоддзі, у медбіяграфіі і праца ў рэанімацыі, тры гады прыпадаюць на медшпіталь у Манголіі. У свабодны час яна вывязвае пруткамі прыгожыя рэчы, а з вясны да восені завіхаецца ў садзе-агародзе. Калі прыязджаюць сыны, выпякае смачныя тарты і пірагі.
Быць маці – праца, сэнс жыцця. Жыцця дзеля дзяцей. Такая «работа» надае сілы Ірыне Цярпіцкай і падштурхоўвае да знаёмства з сучаснымі гаджэтамі – каб быць заўсёды на сувязі з сынамі.

Настрой – вясна

«Шчаслівую жанчыну і маму… па вачах відаць», – такі подпіс можна прачытаць у сацыяльных сетках пад адным з мноства стыльных фотаздымкаў нашай зямлячкі Інгі Машэй.
Прыгожы твар маладой жанчыны так і свеціцца шчасцем, натхненнем і бязмежным пазітывам. Яе шчырая абаяльная ўсмешка дапамагае лёгка знаходзіць агульную мову і з дзецьмі, і з дарослымі. Яна няўрымслівая, апантаная, не баіцца пачынаць нешта новае, цяпер, напрыклад, спрабуе сябе ў прадпрымальніцкай дзейнасці.
Але галоўным дасягненнем наша зямлячка лічыць тое, што яна любімая і любячая жонка, бязмежна шчаслівая мама. Прычым яе шчасце ў патроеным «варыянце»: разам з мужам Аляксандрам выхоўвае траіх дзетак. Як жа пасуе Інзе гэты высокі статус – мнагадзетная мама.
– Ніколі не думала, што ў маёй сям’і будзе трое дзетак. А цяпер нават не ўяўляю сябе без іх. Канешне, нялёгка ў вялікай сям’і, але ж, калі ў ёй пануюць каханне і згода, узаемаразуменне і падтрымка, тады усё ладзіцца. Дарэчы, у лютым мы з Аляксандрам адзначылі ружовае вяселле – дзесяцігоддзе сумеснага жыцця, – расказвае Інга.
Яна на ўсё знаходзіць час: пазаймацца з дзецьмі, управіцца па хатняй гаспадарцы – прыватны дом патрабуе нямала сіл, стварае ўтульнасць для мужа (Аляксандр нясе службу ў міліцыі) і дзяцей, не забывае пра сябе.
– Любімая пара года – вясна. Ні з чым не параўнальны час аднаўлення прыроды, новых пачуццяў, эмоцый, таму ў мяне заўжды настрой – вясна, якую я асацыірую толькі з пазітывам, – упэўнена Інга Машэй.

Армейскае прызванне

Жанчына ў арміі сёння ўжо не навіна, а радавая падзея. Прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва дастойна нясуць службу і заслугоўваюць за гэта самых добрых слоў. Адказная, надзейная, мэтанакіраваная – так характарызуюць дзяжурную па сувязі вузла сувязі Таццяну Палуян у батальёне кіравання 8-й радыётэхнічнай брыгады.
Ваенную амуніцыю Таццяна апранула амаль дзесяцігоддзе назад і адзначае, што ні разу пра гэта не пашкадавала.
– Работа падабаецца, хоць і патрабуе ўвагі і стараннасці. А неабходнасць здачы фізічных нарматываў дысцыплінуе, трымае ў форме – для жанчыны толькі плюс, – усміхаецца Таццяна.
За ўзорнае выкананне абавязкаў прапаршчык Таццяна Палуян узнагароджана граматай камандавання брыгады.
У Таццяны, дарэчы, уся сям’я ваенная. Муж – падпалкоўнік у запасе, дачка – яфрэйтар. Таму баявыя дзяжурствы, на якія заступае на суткі, успрымаюцца роднымі як справа звычайная.
У «мірным» жыцці Таццяна Леанідаўна таксама ўсё робіць на выдатна – добрая гаспадыня, клапатлівая маці і жонка, і проста жыццярадасная, абаяльная жанчына.

Захавальніца часу

Ляхавіцкі майстар Ніна Курловіч з аднаго апісання праблемы можа даведацца пра «хваробу» гадзінніка. Свой гадзіншчык – такім эксклюзівам можа пахваліцца не кожны раён. А ў нас ёсць!

Стаж работы Ніны Міхайлаўны 30 гадоў. Адвучылася ў Гродна і адразу пачала працаваць па прафесіі.
– Неяк пачула ад мамінай сяброўкі аповяд аб гэтай прафесіі і адразу загарелася: зразумела – маё, – успамінае Ніна Курловіч.
Работа гадзіншчыка – складаная, тонкая. Часам гэтую прафесію параўноўваюць з прафесіяй хірурга, бо майстру таксама неабходны цвёрдая рука і востры зрок.
– Я бязмерна шчаслівая, што ўсё жыццё займаюся любімай справай. Да мяне прыносяць усякія гадзіннікі, я даю ім другое жыццё, і радуюся, калі яны зноў пачынаюць ісці. Гэта самая прыемная частка маёй прафесіі, – гаворыць Ніна Курловіч.
І калі ў Ляхавічах даўно прывыклі, што рамонтам гадзіннікаў займаецца сімпатычная і прыемная жанчына, то ў Лунінцы, куды Ніна Міхайлаўна ездзіць раз у тыдзень, да гэтага часу дзівяцца, маўляў, справа зусім нежаночая.
Вольны час Ніна Міхайлаўна любіць праводзіць актыўна. У спісе хобі ўсходнія танцы, фітнес, вырошчванне кветак і агародніны.
На пытанне, як яна ўсё паспявае, Ніна Курловіч ўсміхаецца: галоўнае правільна размяркоўваць час і займацца тым, што сапраўды прыносіць задавальненне. У век смартфонаў, здавалася б, наручныя гадзіннікі павінны былі страціць сваю актуальнасць. Тым не менш, гэты модны аксэсуар па-ранейшаму карыстаецца вялікай папулярнасцю. А значыць, і працы у Ніны Міхайлаўны не змяншаецца.